Вернікі парафіі Маці Божай Ружанцовай распачалі Вялікі Пост

Серада ПапяльцоваяУ сераду, 5 сакавіка, вернікі парафіі Маці Божай Ружанцовай разам з паўсюдным Касцёлам распачалі Вялікі Пост.

У першыя дні месяца — чацвер, пятніцу і суботу, а таксама падчас святаў у парафіі адпраўляюцца дзве святыя Імшы, а 8.00 раніцы і а 19.00 увечары. Гэтым разам святых Імшаў было тры — дадатковая распачалася а 7.00 раніцы — для людзей, якія мусілі паспець на працу і якія не мелі іншай магчымасці памаліцца цягам дня. Падчас кожнай Святой Імшы ў парафіяльнай капліцы было многа людзей, асабліва шмат парафіянаў прыйшло памаліцца ўвечары.

Распачынаючы Святую Імшу, ксёндз-пробашч Генадзь Кухарэвіч нагадаў: “Распачынаецца Вялікі Пост. Але гэта не пост суму і цярпення, а пост роздуму і разважання, падрыхтоўкі сваіх сэрцаў да радасці іх уваскрашэння для новага жыцця. Жыцця, ачышчанага ад грахоў і напоўненага святлом веры”. Менавіта вера ёсць асновай хрысціянскага жыцця, і не выпадкова гэты год у Каталіцкім Касцёле абвешчаны Годам веры, падкрэсліў пробашч. У падцверджанне гэтых словаў, святар выканаў традыцыйны ў Касцёле абрад пасыпання попелам галоваў вернікаў, прамаўляючы сакрамэнтальнае “Кайцеся і верце ў Евангелле”…

Ксёндз-пробашч таксама заклікаў парафіянаў прымаць удзел у “Крыжовым шляху”, які па традыцыі адбываецца ў парафіі кожную пятніцу праз увесь Вялікі Пост. Сёлета, як і штогод, яго будуць праводзіць шматлікія малітоўныя групы, якія існуюць у прафіі, –- “Ружы ружанцовыя”, “Маці ў малітве”, “Маргарыткі”, дзеці, моладзь і сем’і.

Ксёндз Генадзь таксама звярнуўся да парафіянаў з просьбай ахвяраваць пост і малітву ў інтэнцыі пачатку будаўніцтва касцёла — Санктуарыя Божай Міласэрнасці — які мае паўстаць у парафіі Маці Божай Ружанцовай.

Альбом фатаздымкаў з Серады Папяльцовай можна паглядзець па гэтай спасылцы.