У першы дзень Адвэнту адбылося ўрачыстае асвячэнне Катэхэтычнай залы

У першы дзень Адвэнту, у лошыцкай парафіі Маці Божай Ружанцовай адбылося асвячэнне залы для выкладаньня ўрокаў Катэхэзы для дзяцей і моладзі. (Фотаздымкі)

 Пасьля дзіцяча-моладзевай святой Імшы, якая штонядзелі адбываецца ў парафіі а 12.00, ксёндз-пробашч Генадзь Кухарэвіч разам з моладздзю, дзецьмі і іх бацькамі, катэхэтымі і парафіянамі прыйшлі ў Катэхэтычную залу, каб памаліцца і асвяціць памяшканні.

Катэхэза для дзяцей і моладзі ў парафіі Маці Божай Ружанцовай праводзіцца з 2004 году – амаль з першых дзён працы ў парафіі пробашча Генадзя Кухарэвіча. За гэтыя гады Катэхэзу ў парафіі выкладалі сёстры-міхаліткі, сёстры-дамініканкі, клерык-міхаліт Аляксандр Ашмянчук. Адпаведна і ўрокі катэхэзы праходзілі ў арэндаваным памяшканьні ЖЭСу, на плябаніі, а таксама ў памяшканьні капліцы. Сёлета бацькі дзяцей разам з пробашчам вырашылі падрыхтаваць адпаведнае памяшканне. Напачатку набылі будаўнічую бытоўку, а пасля на чале з ксяндзом-пробашчам уласнаручна выносілі з яе будаўнічы друз, розныя непатрэбныя прылады, каб пасля абнавіць і ўпрыгожыць класныя памяшканні. Гэтая праца запатрабавала матэрыяльных ахвяраваньняў, а таксама шмат умення сіл і часу. А ў выніку – побач з парафіяльнай капліцай з’явілася амаль навюткая катэхэтычная зала: з паасобнымі партамі-сталамі і школьнымі дошкамі. На белых сценах залы размесціліся крыжы, партрэт заснавальніка ордэна Святога Арханёла Міхала, благаслаўлёнага ксяндза Браніслава Маркевіча, а таксама фотаздымкі з гісторыі парафіі — саміх парафіянаў–дзяцей у часе прыняцьця першай святоц Камуніі і супольныя здымкі падчас парафіяльных святаў.

Ад гэтага дня ў Катэхэтычнай залі распачалася рэлігійная адукацыя для дзяцей і моладзі. Усяго дзеці і моладзь навучаюцца ў дзевяці ўзроставых групах. Сёлета ўрокі Катэхэзы ў парафіі вядуць свецкія вернікі, якія разам з дзецьмі сталіся задаволенымі новымі магчымасцям для працы. На завяршэнне ўрачыстасці ксёндз-пробашч Генадзь Кухарэвіч паведаміў дзецям, што ў нядзелю з нагоды ўспаміну святога Мікалая, паводле парафіяльнай традыцыі ў парафіі адбудзецца свята Святога Мікалая.