У парафіі Маці Божай Ружанцовай Божае Нараджэньне святкавалі разам з Маці Божай Фацімскай

У парафіі Маці Божай Ружанцовай у Мінку 24–28 сьнежня адбылася ўрачыстая перагрынацыя фігуры Маці Божай Фацімскай.

DSC00556 — копия

(Глядзець фота) 

Фігура Маці Божай прыбыла ў парафію ў дзень Вігілійнай святой Імшы, папярэдзіўшы прыход галоўнага свята – Нараджэньня Хрыстова – на некалькі гадзін. Вялікую і шанаваную рэліквію даставілі ў парафіяльную капліцу урачыстай працэсіяй. Малітвай і спевамі яе віталі шматлікія парафіяне ўсіх узростаў – ад немаўлятаў на руках бацькоў, да людзей вельмі сталага веку.

Урачыстую святую Імшу на прыбыцьцё фігуры Маці Божай Фацімскай адправіў ксёндз-пробашч парафіі Маці Божай Ларэтанскай Станіслаў Станеўскі, а таксама светары манаскай супольнасці міхалітаў: ксёндз-пробашч парафіі Маці Божай Ружанцовай Генадзь Кухарэвіч, ксёндз-пробашч парафіі Святога Арханёла Міхала ў Гатава Крыштаф Пасвята, ксёндз Ян Юшко. Імшу пры фігуры Маці Божай Фацімскай светары адправілі ў галоўнай інтэнцыі парафіянаў і сьетароў парафіі Маці Божай Ружанцовай – будаўніцтва Нацыянальнага Санктуарыя Езуса Міласэрднага, вуглавы камень пад будаўніцтва якога сёлета заклаў мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч і настаяцель ордэна Святога Арханёла Міхала Дарыюш Вільк.

Прамаўляючы да вернікаў, ксёндз Станіслаў Станеўскі падкрэсліў вялікасць дня, калі Маці Божая Фацімская ў выяве фігуры прыйшла ў парафіяльную супольнасць, каб дапамагчы шукаць Хрыста. І заклікаў вернікаў даверыцца Богу гэтак, як даверылася Пану ягоная маці Марыя. Так, перад фігурай вернікі працягвалі маліцца да ўрачыстай святой Імшы, а затым разам Маці Божай Фацімскай сустракалі Божае Нараджэнне. Гэтак у яе прысутнасці асаблівым стаўся і хрост новай парафіянкі ў Вігілію Божага нараджэньня, а таксама Калядная пастаноўка наймалодшых парафіянаў у першы дзень сьвята Божага Нараджэньня. Малітва сьветароў і вернікаў перад фігурай Маці Божай Фацімскай у парафіі Маці Божай Ружанцовай трывала ўсе пяць дзён праз дадатковыя Імшы, малітвы поўнага Ружанца, малітвы ў цішы.

На разьвітаньне з фігурай ксёндз-пробашч Генадзь Кухарэвіч падзякаваў Маці Божай Фацімскай за яе прысутнасць у парафіі ў свята Божага Нараджэньня і яшчэ раз аддаў пад апеку ўсе клопаты і просьбы прафіянаў, а таксама галоўную інтэнцыю –- дапамогі ў будаўніцтве Нацыянальнага Санктуарыя Божай Міласэрнасьці.

Фігура Маці Божай Фацімскай прадоўжыла сваё падарожжа– перагрынацыю і далей выправілася ў парафію Сьвятога Арханёла Міхала ў пасёлку Гатава.