У Лошыцы закладзены вуглавы камень у будаўніцтва Санктуарыя Божай Міласэрнасьці

IMG_2443У парафіі Маці Божай Ружанцовай адбылася гістарычная падзея: умураваны вуглавы камень у падмурак Санктуарыя Божай Міласэрнасці. (Глядзець фота). 

Вуглавы камень паходзіць з базылікі святога Пятра ў Ватыкане, падараваны Апостальскай сталіцай і асвечаны Айцом святым Францішкам. Урачыстасць была прымеркаваная да парафіяльнага свята Маці Божай Ружанцовай, якое Каталіцкі Касьцёл адзначае 7 кастрычніка, і адбылася на завяршэнне Году Божай Міласэрнасці, абвешчанага айцом святым Францішкам.

Каб прыняць удзел у святочнай падзеі і ў супольнай малітве да Езуса Міласэрнага, ў гэты дзень парафію паведалі святары мінскіх парафій, а таксама ксёндз Дарыюш і ксёндз Юрый – кіраўнікі ордэна святога Арханёла Міхала з Польшчы, манахам якога з’яўляецца пробашч парафіі Маці Божай Ружанцовай, ксёндз Генадзь Кухарэвіч.

Святую Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, ксёндз-арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. І ўпершыню святочная ўрачыстасць адбылася пры палявым алтары, які мае ўвайсці ў адзіны комплекс Санктуарыя Божай Міласэрнасці. Прамаўляючы гамілію, архіпастыр адзначыў, што ўрачыстая падзея ўмуравання вуглавога каменя адбываецца напачатку кастрычніка – месяца Ружанцовай малітвы ў Каталіцкім касьцёле Ён таксама нагадаў пра сутнасьць ружанцовай малітвы і яе значэнне, заклікаўшы маліцца на Ружанцы штодня.

«Сёння ў парафіі Маці Божай Ружанцовай, у маляўнічым мінскім раёне Лошыца, адбываецца яшчэ адна знакавая падзея — асвячэнне вуглавога каменя пад будучую святыню, якой адначасова прызначана роля быць санктуарыем Божай Міласэрнасці. Ужо сам факт, што ў гэтым раёне сталіцы Беларусі ёсць капліца і пачынаецца будаўніцтва новага касцёла, з’яўляецца не чым іншым, як знакам Божай міласэрнасці. Гэта асабліва відавочна, калі ўспомнім недалёкія мінулыя часы, калі ў Мінску не было ніводнага касцёла. Асвячэнне вуглавога каменя пад будаўніцтва новага касцёла — гэта значная падзея ў жыцці як парафіі, так і дыяцэзіі. Яна нагадвае аб тым, што ў будучыні паўстане яшчэ адно месца спаткання чалавека з Богам, а таксама аб дынамізме Касцёла, які адраджаецца».

Ксёндз-арцыбіскуп таксама ўзначаліў цырымонію ўмураваньня, у якой прыняў удзел настаяцель ордэна сьвятога Арханёла Міхала ксёндз Дарыюш і ксёндз-пробашч Генадзь Кухарэвіч. Разам з каменем, дастаўленым ад базылікі святога Пятра ў Ватыкане, была таксама ўмураваная гільза, з укладзеным у яе суправаджальным лістом да каменя, і аркуш з подпісамі ўсіх прысутных на ўрачыстасьці святароў.

Словы падзякі за спрыянне і бацькоўскую апеку ксяндзу-арцыбіску выказаў настаяцель ордэна Сьвятога Арханёла Міхала ксёндз Дарыюш і дадаў: «Гэтая гістарычная падзея – умураванне вуглавога каменя з базылікі святога Пятра ў Ватыкане – застанецца ў памяці ня толькі гэтай парафіі, але і ўсяго касцёлу ў Беларусі. Сёньня тут, у Мінску, паўстае гісторыя ўсяго паўсюднага касьцёла. Гэтая ўрачыстасьць дакранае сэрца кожнага з нас. І дзякуем Пану Богу, што дазволіў нам дачакацца гэтага дня, калі камень у гэтую сьвятыню стаўся ўмураваным».

Урачыстась сталася адметнай і таму, што яна адбылася на завяршэньне Году Божай Міласэрнасці. Ад яго пачатку ў парафіі Маці Божай Ружанцовай штодня а 15.00 гадзіне адбываецца набажэнства да Божай Міласэрнасьці перад абразом Езуса Міласэрнага – адзінай у Беларусі копіі абраза, напісанага са слоў сьвятой сястры Фаўстыны ў Вільні, які знаходзіцца ў Лошыцкай парафіі.

«Мы ішлі да гэтай урачыстасьці 13 гадоў» – сказаў на завяршэнне ксёндз-пробашч Генадзь Кухарэвіч. Менавіта гэтулькі часу прайшло з тае пары, калі святой памяці ксёндз-кардынал Казімір Свёнтак распарадзіўся аб будаўніцтве Санктуарыя Божай Міласэрнасці ў Лошыцы. У гэтай інтэнцыі вернікі маліліся пад адкрытым небам, у прыватных дамах, у арэндаваных адміністрацыйных памяшканьнях. За гэты час парафіяльная сям’я вырасла ад некалькіх дзесяткаў да тысячаў чалавек. Але гэты духоўны і матэрыяльны касцёл ня здолеў бы паўстаць без духоўнай і матэрыяльнай падтрымкі. «Ваша Эксцэлэнцыя!», звярнуўся ксёндз-пробашч да ксяндза-арцыбіскупа. «Цешымся, што Вы падтрымалі ідэю святой памяці ксяндза Казіміра Свёнтка аб будаўніцтве Санктуарыя Божай Міласэрнасьці ў сталіцы. Дзякуючы дапамозе нашага ордэна, сёньня маем прыгожую капліцу і палявы алтар з гаспадарчымі будынкамі, фундамэнты пад Санктуарый Божай Міласэрнасьці. Заведзеныя на тэрыторыю ўсе інжэнэрныя сеткі. Няхай Бог адзьдзячыць».

Завяршэньнем ўрачыстасці а 15.00 гадзіне сталася супольная малітва вернікаў і светароў перад абразом Езу Міласэрнага.