Трываць у Богу да канца: ксёндз-пробашч Генадзь Кухарэвіч адзначыў 14-гадавіну святарства

        DSC04767    У парафіі Маці Божай Ружанцовай у Мінску 21 мая адзначылі гадавіну важнай падзеі — 14-годдзе святарскага пасвячэння пробашча парафіі, ксяндза Генадзя Кухарэвіча.

    Святарскае пасвячэнне ксёндз-пробашч прыняў 21 мая 2000 года ў манаскім ордэне Святога Арханёла Міхала ў Польшчы, пасля заканчэння духоўнай семінарыі ў Кракаве. Адметна, што пасведчанне ад святарскім пасвячэнні ксяндза-пробашча ўласнаручна падпісаў тагачасны Папа Рымскі — зараз ужо святы — Ян Павал ІІ. Паводле ксяндза-пробашча, зараз гэты дакумент ён захоўвае як адну з найвялікшых рэліквіяў, якая займае самае заўважнае і годнае месца ў святара на плябаніі.

Прамаўляючы да парафіянаў, ксёндз-пробашч перадусім падзякаваў Пану Богу за сваё абранне — за пакліканне на шлях святарства. Таксама падзякаваў за дар трываласці ў святарскім пакліканні і заклікаў вернікаў маліцца за яго, “Каб адыйшоў з гэга свету ў арнаце і стуле. Каб вытрываў у пакліканні святарства да канца…”.

Каб павіншаваць свайго пастыра, на Святую Імшу сабралася шмат парафіянаў, не зважаючы на звычайны будзённы дзень. Першым слова ўзяў брат пробашча ў манаскім ордэне айцоў-міхалітаў, клерык Аляксандр, які праходзіць у парафіі гадавую практыку. Ён павіншаваў свайго старэйшага брата і пробашча з гадавінай святарскага пасвячэння і пажадаў таксама вытрываць у ягоным пакліканні. Цёплыя словы віншавання і падзякі за клопат пра кожнага верніка, за цяпло і любоў, за пастырскую апеку ксяндзу-пробашчу выказалі таксама парафіяне, чальцы малітоўных груп. Вернікі таксама пажадалі ксяндзу цярпення і вытрымкі ў ягоным служэнні, а парафіяльны хор выканаў прыгожы спеў-віншаванне. Працягам свята сталася таксама віншаванне ксяндза-пробашча ў сямейнай атмасферы разам з парафіянамі, пры святле вогнішча, з духоўнымі спевамі.

Фотаздымкі падзеі можна паглядзець тут.