Святы Пасхальны Трыдуум: Вялікі Чацвер:

DSC06705

Імша Вячэры Пана. Дзень устанаўленьня сакрамэнту Эўхарыстыі і Святарства.  (Глядзець фотаздымкі).

Святы Пасхальны Трыдуум у парафіі Маці Божай Ружанцовай распачаўся паводле традыцыі Каталіцкага Касьцёла — Імшой Вячэры Пана. Гэты дзень ёсць таксама Днём усталявання сакрамэнту Эўхарыстыі і Святарства.

     Перад пачаткам Імшы парафіяне склалі сардэчныя віншаванні і пажаданні свайму пробашчу ксяндзу Генадзю Кухарэвічу з нагоды Дня Сьветара, пажадаўшы цярпення і трываласці ў яго пакліканні.

     Прамаўляючы да вернікаў ксёндз-пробашч у сваю чаргу ўзгадаў гісторыю станаўлення парафіі, калі разам маліліся пад адкрытым небам на парэштках даўняй капліцы ў Лошыцкім парку. Нагадаў гісторыю старэйшых пакаленняў, якія захоўвалі веру ў часы савецкага атэізму і камуністычнага пераследу. “Мае бацькі мне распавядалі, што калі ў нашай парафіі ў Васілішках на Гродзеншчыне не было светара, людзі прыходзілі ў нядзелю ў святыню, ставілі на алтары келіх, патэну з хлебам, спавядаліся каля пустых спавядальняў, дзе не было светара, і чыталі ўсю святую Імшу. Бо для іх святая Імша была каштоўнасцю. Сапраўды, гэта вялікая каштоўнасць: Бог прыходзіцть у Сваім Слове і мы спажываем Ягонае Цела. Таму варта азірнуцца на старэйшае пакаленне, аддаць павагу і пашану за тое, што дзякуючы старэйшым людзям захаваны гэты цуд веры. А таксама варта ўзяць у іх прыклад шанаваньня святой Імшы!”, заклікаў святар.

    Ксёндз-пробашч таксама ўзгадаў прыклады светароў-папярэднікаў, якія ў тыя ж камуністычна-савецкія часы ахвярна і мужна вызнавалі сваю веру, а таксама аддана служылі людзям у справе паяднання з Хрыстом. “Сёньня, у дзень усталявання гэтых двух сакрамэнтаў – Эўхарыстыі і Святарства – ўзгадаем тых людзей, якія кахалі святарства, якія нястомна служылі людзям аддаючы сябе, каб сёння маглі адкрывацца новыя і новыя Касцёлы, каб усё больш людзей маглі ўдзельнічаць у гэтай найсвяцейшай ахвяры, якую так кахалі нашыя продкі: нашыя бабулі і дзядулі, нашыя бацкі”, казаў ксёндз-пробашч.

    У гэты ж дзень у парафіі распачалася навэнна да Божай Міласэрнасці ў інтэнцыі будаўніцтва Нацыянальнага Санктуарыя Божай Міласэрднасьці.

    У Вялікі Чацьвер дзень Цела Хрыста было перанесенае “у цямніцу” пры якой адарацыя Найсвяцейшага сакрамэнту доўжылася да 22.00 гадзінаў вечара.

    Ад вялікага чацвярга, распачынаючы ад гадзіны Божай Міласэрнасьці а 15.00, ксёндз-пробашч распачаў прымаць няспынную споведзь.