Святы Пасхальны Трыдум: Вялікі Чацвер

DSC_0079Вялікі Чацвер — свята Эўхарыстыі і Святарства. У гэты дзень Касцёл заклікае да разважання над таямніцай устанаўлення звязаных паміж сабой сакрамэнтаў — Эўхарыстыі і святарства. (Фота)

У парафіі  Маці Божай Ружанцовай Вялікі Чацвер – або Імша Вячэры Пана — распачаўся словамі віншавання да ксяндза-пробашча Генадзя Кухарэвіча і клерыка Аляксандра Ашмянчука, які праходзіць у парафіі гадавую практыку. Парафіяне шчыра дзякавалі ксяндзу Генадзю за ахвярнае служэнне і айцоўскі клопат аб духоўным узрастанні вернікаў, а таксама жадалі моцы духу і трываласці на абраным шляху служэння Богу для клерыка Аляксандра.

У сваю чаргу ксёндз-пробач нагадаў, што Вялікі Чацвер – у традыцыі Касцёла – дзень абмывання ног дванаццаці мужчынам, на ўспамін абмывання ног дванаццаці вучням, якое Езус учыніў перад Сваёй апошняй вячэрай. “Я абмываю вашыя ногі духоўна, просячы прабачэння ў кожнага з вас за сваю недасканаласць, за ўчыненыя крыўды і цярпенні”, — сказаў святар. Ксёндз Генадзь таксама ахвяраваў Святую Імшу за ўсіх святароў і законных сёстраў, якія служылі і служаць ў парафіі. Прамаўляючы да вернікаў, ксёндз Генадзь узгадаў часы пераследу хрысціянаў, калі закрываліся касцёлы, а святары цярпелі ў лагерах і высылках. І толькі праўдзівая адданасць Богу дапамагала хрысціянам захаваць веру ў тыя часы: калі людзі маліліся на прыступках касцёлаў, спавядаліся каля пустых канфесіяналаў… Менавіта сталая вера і вернасць Богу дапамагалі вернікам і святарам супольнымі намаганнямі наноў адраджаць беларускі Касцёл.

Парафія Маці Божай Ружанцовай – адзін з прыкладаў такога ахвярнага супольнага служэння: ксёндз Генадзь нагадаў, як разам з парафіянамі шмат гадоў маліліся пад адкрытым небам у Лошыцкім парку, на кватэрах парафіянаў, у будынку ЖЭСа, як разам будавалі парафіяльную капліцу. Святар заклікаў новых парафіянаў, якіх за гады станаўлення парафіі пабольшала шматкроць, цаніць гэтую магчымасць маліцца ў сваім парафіяльным доме, магчымасць атрымаць сакрамэнт Споведзі у святара, прыняць удзел у Святой Імшы і скарыстаць сакрамэнта Эўхарыстыі…

У Вялікі Чацвер Цела Пана было перанесена ў сімвалічную цямніцу, дзе Сакрамэнт будзе заставацца да вечара Вялікай Пятніцы. Завяршэннем Святой Імшы сталася чуванне каля Грабніцы, якое доўжылася да 23.00 гадзін.

Фотаздымкі з Вялікага Чацвярга.