Святы Пасхальны Трыдум: Вялікая Субота

DSC03944Пасхальная Вігілія Вялікай Суботы — урачыстая Святая Імша, якая абвяшчае Уваскрасенне Езуса Хрыста. Гэтая адна з найгалоўных урачыстасцяў Каталіцкага Касцёла у парафіі Маці Божай Ружанцовай па традыцыі распачалася каля вогнішча ў двары касцёла: агонь — сімвал новага жыцця, якое абвяшчае сваім Уваскрасеннем з мёртвых Езус Хрыстус.

Сотні людзей гэтым вечарам прыйшлі да парафіяльнага касцёла, каб стаць сведкамі найвялікшай таямніцы: “Святло Хрыстова!”, “Дзякуем пану Богу!” – гучала гэтым веснавым вечарам над мітуслівым “спальным” мікрараёнам… З запаленымі свечкамі ў руках, вернікі суправаджалі святара, які высока над галавой заносіў у капліцу запалены ад вогнішча пасхал.

Паводле складзенай у парафіі традыцыі, у Вялікую суботу ксёндз-пробашч Генадзь Кухарэвіч удзяліў сакрамэнт хросту дарослай асобе — гэтым разам Кацярыне. Звяртаючыся да новай парафіянкі ксёндз-пробашч сказаў: “Сёння ў сакрамэнце Хросту Езус аб’явіўся табе, Кацярына. Сёння ты чыстая, святая, бо сапраўды пасля Хросту чалавек ёсць святы. Жадаю ўсім вам, дарагія парафіяне, уім удзельнікам гэтай Святой Імшы, як найдаўжэй захаваць чысціню, якую мы атрымалі ў сакрамэнце Хросту. Вяртайцеся ў гэтую чысціню праз сакрамэнт Споведзі і Эўхарыстыі. Пахніце Божай ласкай, Божай любоўю, якою адорвае кожнага з нас Езус Хрыстус Уваскрослы”.

Адметнасцю сёлетняга Вялікадня ёсць ягонае супольнае святкаванне ўсім хрысціянскім светам. Для вернікаў парафіі Маці Божай Ружанцовай гэта таксама радасна, бо многія сем’і парафіянаў змешаныя, дзе ёсць каталікі і праваслаўныя. У гэтую Вялікую ноч яны былі разам. Ксёндз-пробашч Генадзь Кухарэвіч звярнуўся са словамі віншавання да братоў праваслаўных, а таксама да ўсіх удзельнікаў урачыстай Святой Імшы: “Сёння — незвычайны дзень. Гэты дзень размясціўся паміж двума найважнейшымі днямі года: Вялікай Пятніцай і Вялікай Нядзеляй. А значыць — паміж смерцю і Ўваскрасеннем, паміж грахом чалавека і перамогай над ім. Толькі што мы атрымалі благаслаўленне ад Уваскрослага Хрыста — благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Якое ж важнае гэтае благслаўленне! Езус перамог смерць, перамог злога духа. І нам нельга баяцца, а з надзеяй глядзець у жыццё, бо страх — гэта не ад Бога. Так, ён хоча панаваць у гэтым свеце, але д’ябал — як сабака без зубоў — брэша, але не ўкусіць бяз волі Бога. Таму мы прыходзім да Бога ў свята Ўваскрасення Хрыста, каб аддацца Яму, каб папрасіць Ягонага благаслаўлення, каб Ён нас вёў і абараняў ад усяго злога. Ад усяго сэрца жадаю вам Божай апекі і Ягоных ласкаў. Хрыстос Уваскрос!” “Спраўды Ўваскрос!”

Фотаздымкі з Вялікай Суботы.