Святы Пасхальны Трыдум: Вялікая Пятніца

Вялікая Пятніца. 2014.Вялікая Пятніца — набажэнства Мукі Пана. Вялікая Пятніца — адзіны дзень у літургічным годзе, калі не цэлебруецца Эўхарыстыя. (Фотаздымкі)

Не праводзіцца Святая Імша, але адбываецца багатае паводле зместу набажэнства Мукі Пана, засяроджанае на разважаннях у цішыні.

У парафіі Маці Божай Ружанцовай Вялікая Пятніца распачалася Крыжовым шляхам, які кожную пятніцу праз увесь Вялікі пост праводзілі парафіяльныя малітоўныя групы і супольнасці. Апошні Крыжовы шлях перад урачыстасцю Уваскрасення прайшоў па вуліцы і ўзначаліў яго ксёндз-пробашч Генадзь Кухарэвіч.

“Крыж – гэта не толькі сімвал цярпення. Крыж — гэта прылада збаўлення. Крыж упісаны ў нашае штодзённае жыццё. Гэта заўсёднае змаганне, якое адбываецца ў нашай душы. Паміж тым, што ёсць добрае і дрэннае. Паміж тым, што ёсць прыемнае, часовае, грэшнае і паміж тым, што адказнае, што патрабуе супраціву і змагання, але дае чалавеку ўпэўненасць, моц і сілу. Мы ўвесь час нясём крыж: сваіх абавязкаў і цяжкасцяў — жыццё без крыжа немагчымае. Так хочацца пакінуць яго, каб не замінаў нашаму эгаізму, нашым жаданням і прыемнасцям. Але, калі несці гэты крыж, не ўцякаць ад яго — гэта дае сілу моц, дае збаўленне. Гэта не проста крыж, не проста сімвал цярпення — на ім ёсць Езус. Калі сёння на каленях падыдзем да гэтага знаку, праз пацалунак аддамо Яму свой крыж, адамо сваё цярпенне. Бо на гэтым крыжы прыбіты збаўца Езус Хрыстус. Менавіта з гэтага крыжа, з боку Хрыстовага, выплыла Божая Міласэрнасць — кроў і вада — сімвал Ягонай любові без рэшты, любові да канца — заўсёды вернай і дасканалай”, – прамовіў ксёндз Генадзь пасля таго, як сам лёг крыжам, перад распятым на крыжы Хрыстом. Услед за пробашчам, парафіяне падыходзілі да крыжа на каленях, каб ушанаваць распятае цела Езуса пацалункам.

Ксёндз-пробашч таксама заклікаў вернікаў далучыцца да ўдзелу ў навэнне да Божай Міласэрнасці, якая распачалася ў Вялікую Пятніцу. “У гэтай навэнне ахвяруйце сябе, а таксама ўсіх тых, хто дарагі вашаму сэрцу. А магчыма і перадусім тых, хто не мілы вашаму сэрцу, хто вас пакрыўдзіў, каму так цяжка прабачыць”. Ксёндз-пробашч таксама заклікаў ахвяраваць навэннну да Божай Міласэрнасці ў інтэнцыі Нацыянальнага санктуарыя Божай Міласэрнасці, будаўніцтва якога неўзабаве мае распачацца ў парафіі.

У Вялікую Пятніцу чуванне каля Грабніцы Пана доўжылася да 24.00 гадзін.