Святы Блажэй, барані нас ад хваробаў горла і ўсялякага зла

3 лютага каталіцкі Касцёл адзначае свята Святога Блажэя, біскупа і мучаніка. У гэты дзень у касцёлах асвячаюцца свечкі Святога Блажэя, а таксама адбываецца благаслаўленне людзей ад хваробаў горла і ўсялякага зла.Гэтая традыцыя паходзіць з ІІІ стагодзьдзя – часу, калі жыў Святы Блажэй.

Святы Блажэй быў біскупам Себастыі (сённяшні горад Сівас у Турцыі) і лекарам паводле адукацыі. Да нашага часу захавалася мала гістарычных звестак пра святога Святога Блажэя, але існуе шмат легендаў. Так, паводле адной з іх, аднойчы маленькі хлопчык падавіўся косткаю, якая засела ў горле і стала прычынаю моцнага ацёку. Хлопчыку пагражала задушэнне. Біскуп Блажэй вельмі хацеў аблегчыць цярпенні дзіцяці, аднак не меў спецыяльных інструментаў для медычнай дапамогі. Біскуп са спачуваннем дакрануўся да шыі хлопчыка і зрабіў над ім знак крыжа. Раптам дзіця пачало роўна дыхаць, ацёк зменшыўся, а потым зусім знік. Вестка пра незвычайнага лекара хутка разляцелася па ваколіцы, што было вельмі нявыгадна для тагачасных уладаў. Угаворамі, просьбамі, урэшце катаваннем яны імкнуліся прымусіць біскупа адмовіцца ад Хрыста, але святы Блажэй прагнуў прыняць мучаніцкую смерць, каб не адрачыся ад Езуса. Гэтак святы Блажэй быў забіты мячом прыкладна ў 316 годзе.

Касцёл у парафіі Маці Божай Ружанцовай на свята Святога Блажэя быў поўны парафіянаў падчас кожнай святой Імшы. Людзі маліліся да Святога Блажэя, просячы ласкі апекі і абароны. Пробашч парафіі, кс. Генадзь Кухарэвіч асвяціў свечкі, якія ў народзе называюць «блажэйкі», а таксама благаславіў кожнага верніка, дакранаючыся горла, перакрыжаванымі свечкамі: «Няхай Святы Блажэй бароніць цябе ад хваробаў горла і ўсялякага зла».