Сьвяты Блажэй – барані нас ад хвароб

P1150430У парафіі Маці Божай Ружанцовай 3 лютага маліліся да сьвятога Блажэя. Ксёндз-пробашч Генадзь Кухарэвіч памаліўся за ўсіх парафіянаў і за кожнага па асобку ад хваробаў горла. (Глядзець фота)

Сьвяты Блажэй – біскуп Себастыі (тэрыторыя сённяшняй Турцыі). У часы праўлення імператара Ліцынія (каля 316 г.), у перыяд крывавага пераследу хрысціянаў, быў забіты мечам. Штогод, у дзень літургічнага ўспаміну святога Блажэя, у нашых касцёлах асвячаюцца свечкі, якія святар выкарыстоўвае для ўдзялення благаслаўлення, якое павінна ахоўваць ад хваробаў горла, а таксама ад усялякага зла.

Гістарычныя звесткі пра тое, адкуль паходзіць гэты звычай, адсутнічаюць. Паводле адной з легенд, святы Блажэй сваёю малітвай уратаваў хлопчыка, у горле якога застрала костка. Праўдападобна, што Блажэй да свайго святарскага служэння быў лекарам.

Пра святога Блажэя варта таксама памятаць, калі, прыступаючы да споведзі, мы адчуваем «костку ў горле», якая перашкаджае нам вызнаваць цяжкія грахі. Такое адчуванне можа скончыцца духоўнаю смерцю, таму трэба прасіць святога Блажэя аб дапамозе.

Святы Блажэй з’яўляецца апекуном лекараў, пекараў, капялюшнікаў, ткачоў, вытворцаў воску, гандляроў воўнаю, музыкантаў.