Святло Хрыста з Бэтлеему – у дамы парафіянаў Лошыцы

DSC02905Напярэдадні свята Нараджэння Хрыстовага ў Беларусь прыбывае агонь з Бэтлеему, запалены ў Базыліцы Нараджэння Хрыста. Сёлета ён быў дастаўлены ў Мінск 21 снежня. 22 снежня Бетлеемскі агонь сустраказў ксёндз-пробашч парафіі Маці Божай Ружанцовай Генадзь Кухарэвіч і вернікі. (Фота)

У парафію Маці Божай Ружанцовай Бэтлеемскі агонь даставілі беларускія каталіцкія скаўты. Адна з іх – парафіянка Наста Харкевіч. Пра сваё валацёрства яна сказала гэтак: «Бэтлеемскі агонь у Беларусь прыбывае чатырнаццаты раз, але я яго дастаўляю чацвёрты год. І кожны раз — гэта новыя эмоцыі, новыя пачуцці. Гэты год быў для мяне асаблівы таму, што я ня толькі ў Мінску сустракала і прымала агонь, але і развозіла па іншых гарадах Беларусі. Учора мы былі ў Лідзе, у Наваградку, у Нясвіжы і ў Баранавічах. Пасля ў нунцыятуру адносілі агонь, у Катэдру і ў Чырвоны касцёл, а вось зараз — у сваю родную лошыцкую парафію. Гэта радасць чакання свята, а таксама разуменне, што ты дзелішся не толькі Бэтлеемскім, але Божым агнём з многімі людзьмі».

Прыняўшы з рук каталіцкіх скаўтаў Бэтлеемскі агонь, ксёндз-пробашч Генадзь Кухарэвіч абвесціў прысутнасць у парафіяльнай супольнасьці Святла Хрыста. А таксама заклікаў усіх вернікаў несці яго ў свае сем’і і свае дамы, а таксама дзяліцца Хрыстовым святлом са сваімі роднымі і блізкімі, са сваімі суседзямі.

Бэтлеемскае святло міру прыбыво з Бэтлеему, з Грота Нараджэння Езуса Хрыста, у Вену (Аўстрыя), адтуль у Чэхію, Польшчу. Акцыя, якую ажыццяўляюць скаўты, праходзіць штогод і ў Беларусі ўжо больш за 15 гадоў. З 2008 г. святло прыбывае ў Архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Галоўнае патрабаванне да тых, хто яго суправаджае, — агонь не павінен згаснуць ні пры якіх умовах: у адваротным выпадку, як апавядаюць скаўты, прыдзецца вяртацца назад і везці яго ізноў. Папу Францішку Бэтлеемскае святло міру было ўручанае ў Ватыкане 18 снежня. Бэтлеемскае святло ўпершыню было запалена ў 1986 г. па ініцыятыве тэлерадыёкампаніі Верхняй Аўстрыі. Сёння яно прыбывае ў больш за 30 краін Еўропы і Паўночнай Амерыкі. Агонь, па словах скаўтаў, – сімвал нованароджанага Езуса, таму трэба паспець даставіць яго акурат да Божага Нараджэння. Скаўты спадзяюцца, што прыбыццё Бэтлеемскага святла міру дапамагае яшчэ глыбей адчуць радасць Божага Нараджэння і прынесці святло нованароджанага Езуса ў кожны дом.