Святая Імша ў навагоднюю ноч – Свята Багародзіцы Марыі

P1130080-001Свята Панны Марыі, 1 студзеня, вернікі парафіі Маці Божай Ружанцовай па традыцыі сустрэлі ў навагоднюю ноч: апоўначы распачалася Святая Імша на ўспамін Багародзіцы і на пачатак 2014 году. (Фота).

Напярэдадні, 31 снежня, а 19.00 адбылася Святая Імша на завяршэне старога году, а затым – адарацыя Найсвяцейшага сакрамэнту, падчас якой вернікі дзякавалі Пану Богу за ўсе ласкі, атрыманыя ў 2013 годзе.

Святая Імша на мяжы старога і новага гадоў у парафіі – шматгадовая традыцыя, заснаваная ксяндзом-пробашчам Генадзем Кухарэвічам. І штогод у гэтую ноч у парафіяльнай капліцы збіраюцца вернікі, каб паслухаць слова Божае і ўшанаваць Багародзіцу, не зважаючы на вулічныя шумы, феерверкі і гуляньні.

Гэтым разам святочную начную Імшу правёў ксёндз суседняй парафіі ў Серабранцы. Прамаўляючы да прысутных вернікаў, святар нагадаў пра імклівасць часу і хуткаплыннасць чалавечага жыцця на зямлі. Але таксама падкрэсліў розніцу, з якой успрымаюць бег часу хрысціяне і людзі няверуючыя. “Калі многія людзі кажуць пра імклівасць жыцця, то вернікі абавязкова дадаюць – жыцця, дадзенага Богам. Гэта азначае, што дадзенае Богам жыццё на зямлі мае працяг і ў вечнасці, якую мы маем заслужыць, просячы заступніцтва і апекі Багародзіцы Панны Марыі”. На завяршэнне навагодняй Святой Імшы ксёндз павіншаваў прысутных і пажадаў усялякіх дабротаў у новым 2014 годзе, які яны сустрэлі разам. Таксама прысутныя вернікі павіншавалі са святам адзін аднаго.