Свята ахвяравання Пана: Грамніцы – палова зіміцы

P11306912 лютага Каталіцкі Касцёл адзначае свята Ахвяравання Пана. Ксёндз Генадзь Кухарэвіч нагадаў, што першымі людзьмі, якія сустрэлі Дзіцятка і пазналі ў Ім Хрыста, былі прарок Сімяон і старая ўдава Ганна.  (Фота). Святар заклікаў парафіянаў быць трывалымі і сталымі ў веры, давяраць Пану гэтак, як тое рабілі евангельскія святыя Сімяон і Ганна.

Свята Ахвяравання Пана называецца таксама святам Маці Божай Грамнічнай. На Грамніцы свечка таксама сімвалізуе Марыю — пакорную слугу Пана, у душы якой гарэла святло веры, надзеі і любові. Як нагадаў ксёндз-пробашч, асвечаныя ў гэты дзень свечкі называюць «грамнічнымі», бо іх запальваюць у час навальніцаў, каб апека Маці Божай выратавала ад небяспекі стыхіі. Запаленую грамнічную свечку таксама даюць у рукі чалавеку пры кананні, каб Найсвяцейшая Панна Марыя прывяла яго душу ў неба. Традыцыйна ў гэты дзень пробашч асвяціў, запаленыя ў руках людзей, грамнічныя свечкі.

Паводле народнай традыцыі Грамніцы — гэта час, калі «зіма сустракаецца з вясной». На гэтую тэму таксама існуе шмат прыказак і прымавак: «Грамніцы — палова зіміцы», «Калі на Грамніцы певень нап’ецца вадзіцы — на Юр’я вол пад’есць травіцы» і многія іншыя.

У свята ахвяравання Пана таксама адзначаецца Сусветны дзень кансэкраванага жыцця. Пробашч парафіі, ксёндз Генадзь Кухарэвіч з’яўляецца прадстаўніком манаскай супольнасьці ордэна Святога Арханёла Міхала (CSMA). Таксама гадавую навучальную практыку ў парафіі праходзіць клерык-міхаліт Аляксандр Ашмянчук. Падарункам ксяндзам-міхалітам у гэты дзень сталіся цёплыя словы падзякі ад вернікаў за ахвярную працу ў парафіі Маці Божай Ружанцовай.