Свята Аб’яўлення Пана: “Няхай Хрыстус благаславіць гэты дом”.

P1130283 Свята Аб’яўлення Пана, альбо Трох каралёў 6 студзеня адзначылі вернікі парафіі Маці Божай Ружанцовай. Па традыцыі, у святочны дзень у парафіяльнай капліцы адбыліся дзве ўрачыстыя Святыя Імшы: а 8.00 раніцы і а 19.00 увечары, якія адправіў ксёндз-пробашч Генадзь Кухарэвіч. (фота).

І падчас кожнай Імшы лошыцкая святыня была напоўненая парафіянамі. Каб усе маглі прыняць Святую Камунію, многім даводзілася чакаць сваёй чаргі на вуліцы…

Евангелле паводле Мацвея апавядае пра Трох Мудрацоў альбо Трох каралёў з Усходу, якія, ідучы за зоркай, прыбылі ў Ерузалем і Бэтлеем, шукаючы нованароджанага юдэйскага караля. Увайшоўшы ў стайню, яны ўбачылі Дзіця і Яго Маці, упалі на твар і аддалі Яму пашану. Мудрацы склалі Езусу свае дары: золата, кадзіла і міру.

Нагадваючы пра гісторыю Трох каралёў, падчас гамілі ксёндз-пробашч Генадзь Кухарэвіч нагадаў, што Мудрацы ішлі за зоркаю Хрыста — Сына праўдзівага Бога. Але ў наш час многія людзі ідуць за бляскам несапраўдных куміраў і прыдуманых багоў: “А калі сляпы вядзе сляпога, то вядома, дзе ўрэшце апынецца гэтая кампанія”…

Па традыцыі свята Аб’яўлення Пана, на ўспамін аб дарах Трох каралёў, на завяршэнне кожнай Святой Імшы ксёндз-пробашч асвяціў залатыя і срэбныя ўпрыгожванні, крэйду, кадзіла і ваду. Неўзабаве іх разабралі парфіяне, каб на дзвярах сваіх дамоў напісаць “С+M+B+2014”, што азначае «Chris­tus man­sionem bened­i­cat» — “Няхай Хрыстус благаславіць гэты дом”.