«Карытас»: кіло, бутэлька, шклянка.

Кіло. Бутэлька. Шклянка.На прапанову ксяндза-пробашча Генадзя Кухарэвіча , вернікі парафіі Маці Божай Ружанцовай адгукнуліся на заклік дабрачыннага каталіцкага таварыства “Карытас” Мінска-Магілеўскай Архідыяцэзіі і прыянла ўдзел у дабрачыннай акцыі «Кіло. Бутэлька. Шклянка». Дабрачынная акцыя мела на мэце збор прадуктаў харчавання: крупы, макароны, цукар, алей, сокі, сіропы і г.д.

Гэта не першая дабрачынная акцыя “Карытас”, у якой прымаюць удзел вернікі лошыцкай парафіі. Гэтак жа, як і папярэднія разы, парафіяне адгукнуліся на заклік арганізатараў і за кароткі тэрмін сабралі некалькі дзесяткаў кілаграмаў розных прадуктаў. Пры гэтым, перадусім прадукты неслі сем’і шматдзетныя, падкрэсліў ксёндз-пробашч Генадзь Кухарэвіч: “Гэтак у нашым жыцці знаходзіць адлюстраванне гісторыя Евангелля, калі бедная ўдава паклала ахвяру з апошняга, а не з лішкаў сваіх. Менавіта такая ахвяра асабліва даспадобы Пану. Таксама кожная дабрачынная акцыя мае яшчэ адно значэнне: міласэрнасць духоўна ўзбагачае і тых, хто атрымлівае дапамогу, і хто дапамагае”. Ксёндз-пробашч шчыра дзякуе ўсім парафіянам за ўдзел у дабрачыннай акцыі.

Сабраныя прадукты праз “Карытас” будуць размеркаваны паміж дзецьмі хворымі анкалагічнымі захворваннямі, якія пражываюць на тэрыторыі “Карытас” са сваімі мамамі; сацыяльнымі цэнтрамі, куды прыходзяць дзеці з праблемных сем’яў, якія не маюць магчымасці сілкавацца дома; сацыяльнымі цэнтрамі, куды прыходзяць людзі з інваліднасцю, якія вучацца самастойна гатаваць сабе ежу; адзінокімі людзьмі сталага ўзросту; іншымі галоднымі і патрабуючымі.

Фотаздымкі з акцыі.