Рэзурэкцыйная працэсія: Хрыстос Уваскрос!

DSC04034Нядзеля Ўваскрасення Пана — Вялікдзень — у парафіі Маці Божай Ружанцовай распачалі рэзурэкцыйнай працэсіяй вакол парафіяльнага касцёла. Штогод у рэзурэкцыйнай Святой Імшы ўдзельнічае ўсё большая колькасць вернікаў, таму зараз іх адбываецца дзве: а 7.00 і а 9.00 гадзіне раніцы. І падчас кожнай з іх парафіяльная капліца была напоўненая людзьмі.

Ушанаваць малітвай Уваскрослага Хрыста прыйшлі сем’і і моладзь, дзеці і людзі сталага веку. Асабліва радаснаму настрою ў гэты дзень спрыяла сонечнае надвор’е, а падчас Імшы — ўзнёслы спеў касцёльнага хору і натхнёная прамова да парафіянаў ксяндза-пробашча Генадзя Кухарэвіча:

“Сёння бачу вас стомленымі пасля перажывання найвялікшай ночы — ночы Уваскрасення Пана. Але таксама бачу радасць у вашых вачах. Радасць у вачах, бо Хрыстус у сэрцы і гэта — найважнейшае. Няхай гэтая радасць перапаўняе вас, дзяліцеся ёй з вашымі блізкімі і роднымі. Я жадаю вам, каб вашыя сэрцы заўсёды прагнулі Хрыста. Ад шчырага сэрца віншую ўсіх вас ад свайго імя, ад імя нашага ордэна айцоў Міхалітаў. Хрыстос Уваскрос!”.

На завяршэнне ўрачыстасці ксёндз Генадзь таксама нагадаў, што наступная нядзеля — нядзеля Божай Міласэрнасці — асаблівая ў парафіі Маці Божай Ружанцовай. Тут асабліва папулярызуецца культ Божай Міласэрнасці: у парафіі знаходзіцца абраз Божай Міласэрнасці, неўзабаве мае распачацца будаўніцтва Нацыянальнага санктуарыя Божай Міласэрнасці. З гэтай нагоды ў нядзелю Божай Міласэрнасці ў парафіі адбудзецца чарговы Дзіцяча-моладзевы фестываль мастацкай творчасці “Лошыца-2014”, да ўдзелу ў якім ксёндз-пробашч заклікаў і дзяцей, і дарослых.

Фотаздымкі з Вялікоднай Нядзелі.