РАЗАМ ПАБУДУЕМ НАЦЫЯНАЛЬНЫ САНКТУАРЫЙ БОЖАЙ МІЛАСЭРНАСЦІ

DSC05476  У парафіі Маці Божай Ружанцовай у Мінску 5 чэрвеня адбылася гістарычная падзея: урачыстая святая Імша на пачатак будаўніцтва Нацыянальнага Санктуарыя Божай Міласэрнасці.                    Урачыстасць была прымеркаваная да яшчэ адной важнай даты ў жыцці парафіі — чатырох годоў асвячэння парафіяльнай капліцы, якую ў 2010 годзе правёў мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Гэтым разам ўрачыстую Святую Імшу на пачатак будаўніцтва цэлебравалі айцы-міхаліты: узначаліў урачыстасць ксёндз-пробашч Генадзь Кухарэвіч, які належыць ордэну Святога Арханёла Міхала, а дапамагалі святару ягоныя законныя ўлады — Генеральны вікарый а. Рышард Анджэеўскі і Генеральны эканом а. Ежы Сасіньскі. Вітаючы кіраўніцтва ордэна Святога Арханёла Міхала, ксёндз-пробашч падзякаваў таксама і прысутным свецкім гасцям — архітэктарам, будаўнікам, якія бяруць удзел у будаўніцтве касцёла, а таксама сябрам парафіяльнай рады, усім вернікам, якія ў гэты дзень напоўнілі капліцу. У сваю чаргу, прамаўляючы да ксяндза-пробашча і вернікаў, а. Рышард Анджэеўскі адзначыў: “Гэта важная гістарычная падзея для вашага горада і вашай парафіі. Сёння мы прыехалі сюды, каб падзякаваць Богу за дазвол на гэтае будаўніцтва. Гэта знак таго, што раней Бог пасяліўся ў вашых сэрцах, бо інакш не было б гэтай падзеі, не было б нашага візіту. Тое, што вы атрымалі дазвол на будаўніцтва, азначае, што Бог пасяліўся таксама і ў гэтым месцы, і Яму добра тут, з вамі. Сёння мы тут, каб перадаць вам прывітанне ад айца-настаяцеля і ўсяго нашага ордэна, а таксама падзякаваць за веру ў вашых сэрцах, у вашых сем’ях і вашых дамах. Абяцаем малітву за вас і за ўсіх, хто будзе ўзводзіць гэтую святыню Богу. Таксама абяцаем нашае святарскае благаслаўленне і абяцаем дапамогу ад нашага ордэна, ад нас усіх, наколькі гэта толькі будзе магчыма. Верым, што Езус, Які шмат гадоў таму пачаў жыць у вашых сэрцах, неўзабаве будзе жыць у касцёле, які зараз пачынаеце будаваць”. Святары таксама ўдзялілі супольнае благаслаўленне і разам памаліліся за ўсе сем’і парафіі, за будучы касцёл, а таксама за ўсе беларускія святыні.

Вернікі парафіі Маці Божай Ружанцовай таксама шчыра дзякавалі кіраўніцтву ордэна Святога Арханёла Міхала перадусім за ксяндза-пробашча Генадзя Кухарэвіча, дзякуючы якому праз дзесяцігоддзе ягонай працы парафія павялічылася з дзесяткаў чалавек да дзесяткаў сотняў сем’яў, за ягонае ахвярнае служэнне, якім святар яднае, умоцоўвае і пашырае парафіяльную сям’ю. Таксама падзякавалі кіраўніцтву ордэна Святога Арханёла Міхала, дзякуючы падтрымцы і дапамозе якога, парафія на чале з ксяндзом-пробашчам змагла збудаваць сваю парафіяльную капліцу. На знак падзякі і на памяць пра гістарычную падзею — пачатак будаўніцтва Нацыянальнага Санктуарыя Божай Міласэрнасці — вернікі падарылі айцам-міхалітам бадаўнічыя каскі з выявай макету будучага касцёла. Таксама на памяць пра падзею госці і ўсе прысутныя на ўрачыстай Святой Імшы зрабілі супольны фотаздымак.

Ужо на наступны дзень на будаўнічай пляцоўцы распачалося ўсталяванне агароджы і іншыя падрыхтоўчыя працы.

Будаўніцтва Нацыянальнага Санктуарыя Божай Міласэрнасці ў мінскай парафіі Маці Божай Ружанцовай распачынаецца з распараджэння светлай памяці кардынала Казіміра Свёнтка. Адным з крокаў у рэалізацыі рашэння кардынала ад 2003 году сталася перадача парафіі Маці Божай Ружанцовай абраза Езуса Міласэрнага, перэгрэнацыя якога праходзіла ў парафіях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Абраз Езуса Міласэрнага быў перададзены ў парафію мітрапалітам Мінска-Магілёўскім Тадэвушам Кандрусевічам падчас асвячэння парафіяльнай капліцы 5 чэрвеня 2010 года.