Працэсія Божага Цела адбудзецца ў Мінску 26 мая

Штогадовая працэсія Божага Цела сёдета адбудзецца 26 мая. Яна прысвечаная ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Пана, якая сёлета адзначаецца 30 мая.

Урачыстая працэсія распачнецца святой Імшой у 9.00. каля касцёла Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы, затым пройдзе вуліцамі Мінска і завершыцца каля 14.00. каля архікатэдральнага касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі. Пра гэта паведаміў мітрапалі Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч падчас сустрэчы з духавенствам дыяцэзіі. Сёлета ўрачыстую літургію ўзначаліць апостальскі нунцый арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.          Урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста – распаўсюджаная назва свята Божага Цела, якая адзначаецца ў чацвер пасля ўрачыстасці Найсвяцейшай Тройцы. Гэтак адбываецца таму што ў чацвер Езус Хрыстус устанавіў сакрамэнт Эўхарыстыі (Вялікі чацвер). У цэлебрацыі ўрачыстасці Божага Цела Касцёл складае падзяку Збаўцы за дар Найсвяцейшага Сакрамэнту, у якім Ён яднаецца са сваім народам. У гэты дзень альбо ў наступную пасля яго нядзелю адбываецца працэсія, у якой Найсвяцейшы Сакрамэнт з пашанаю нясуць па вуліцах гарадоў і вёсак.

У сувязі з працэсіяй Божага Цела святая Імша ў парафіі Маці Божай Ружанцовай будзе праводзіцца толькі у 19.00. для тых, хто з паважных прычынаў ня здолее прыняць удзел у працэсіі. Святыя Імшы у 9.00.; 10.30.; і 12.00. у гэты дзень праводзіцца ня будуць.