Першая Святая Камунія: няхай не трывожацца сэрцы вашыя

DSC04582          У нядзелю 18 мая у парафіі Маці Божай Ружанцовай адбылася адна з галоўных парафіяльных урачыстасцяў — свята Першай Святой Камуніі.

У нядзелю 18 мая у парафіі Маці Божай Ружанцовай адбылася адна з галоўных парафіяльных урачыстасцяў — свята Першай Святой Камуніі. Сёлета да сакрамэнту прыступілі восем маладых парафіянаў: тры дзяўчынкі і пяць хлопчыкаў. Каб прыняць Цела Хрыста, яны атрымалі грунтоўную катэхэтычную падрыхтоўку, якую правёў клерык Аляксандр Ашмянчук, а таксама паспяхова здалі экзамен ксяндзу-пробашчу Генадзю Кухарэвічу.

Урачыстая Святая Імша распачалася благаслаўленнем дзяцей пры ўваходзе ў капліцу: гэта зрабіў святар, а пасля кожны з бацькоў. Затым бацькі звярнуліся да ксяндза-пробашча з просьбай удзяліць іх дзецям сакрамэнт Святой Камуніі. У сваю чаргу святар адказаў: “Няма большай просьбы, чым просьба даць Хрыста. Што большае можа зрабіць святар, чым даць Хрыста — падзяліцца тым дарам, якім ён сам адораны? Нічога. У гэтым жыцці — нічога. Таму, дарагія дзеткі, з вялікай радасцю хачу ахвяраваць гэтую Святую Імшу за вашых бацькоў, бо дзякуючы вашым бацькам вы сёння тут. Хачу пажадаць ім моцнай веры і любові. Каб яны былі для вас сведкамі веры, і сведкамі любові, і сведкамі добрага жыцця. Але асаблівым чынам малюся за вас, каб тою Любоўю, якую Езус Хрыстус пералье са Свайго ў вашае сэрца, вы жылі ўсё вашае жыццё. І каб гэтай Хрыстовай Любоўю напаўнялі свет, у які Бог вас пасылае, каб вы рабілі яго лепшым. Кажуць: свет не без добрых людзей, таму будзьце добрымі людзьмі і добрымі хрысціянамі”.

Пасля прачытання Слова Божага ксёндз-пробашч адзначыў, наколькі трапна падрыхтаваў яго Пан Бог для ўрачыстасці гэтага дня. Таксама звяртаючыся да прысутных у гаміліі святар адзначыў: “Сям’я і дзеці — другое, што ёсць і павінна быць у кожнага чалавека пасля Бога. Выхаванне дзіцяці — гэта шмат клопатаў і перажыванняў: за духоўнае ўзрастанне, адукацыю, дабрабыт, здароўе. Але сёння Езус да вас прамаўляе: “Няхай не трывожыцца сэрца вашае”. Бо сёння вы прыйшлі разам з дзецьмі да Першай Святой Камуніі — сёння Бог уваходзіць у жыццё вашых дзяцей. Калі падчас цяжкасцяў і перажыванняў мы становімся на калені і прамаўляем малітвы — тады змрок і цяжкасці адступаюць, тады жыццё становіцца зразумелым і напоўненым сэнсам”. Таксама ксёндз-пробашч звярнуўся да дзяцей, нагадаўшы пра тое, што ў сваім жыцці яны будуць здаваць шмат іспытаў: у школе, інстытуце, на працы. Прыцяць у сваё сэрца Езуса — азначае здаваць іспыты праз усё сваё жыццё перад Богам. Прыняцце Першай Святой Камуніі сталася момантам, які найбольш усхваляваў дзяцей, іх бацькоў, а таксама ўсіх прысутных…

Таксама на завяршэнне ўрачыстасці ксёндз-пробашч заклікаў усіх дарослых узгадаць сваю Першую Святую Камунію: “Што сёння ёсць з Езусам, Якога мы запрасілі ў сваё сэрца? Ці гэтае сяброўства трывае, ці яно моцнае, ці ўплывае на нашае жыццё? Ці яно ідзе толькі побач, а Езус чакае…” Таксама ксёндз-пробашч заклікаў бацькоў стварыць атмасферу малітоўнасці дома, каб Першая Святая Камунія для дзяцей не стала звычайнай фармальнасцю…

Завяршэннем урачыстасці стаў супольны фотаздымак усіх галоўных удзельнікаў свята.

Паглядзець фотаздымкі з урачыстасці можна тут.