Парафіяльнае свята адзначылі ў мінскай парафіі Маці Божай Ружанцовай

IMG_0638Ва ўспамін Маці Божай Ружанцовай, 7 кастрычніка 2011 г., парафіяльнае свята адзначылі ў мінскай парафіі Маці Божай Ружанцовай. (Глядзець фота.)

 

Удзел у адпустовай урачыстасці прынялі святары з Мінска і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, а таксама шматлікія вернікі з розных мінскіх парафій.

Падчас гаміліі кс. Анжэй Юхневіч ОМІ падкрэсліў, што Маці Божая Ружанцовая — апякунка, заступніца і пасрэдніца паміж чалавекам і Панам Богам. Таму малітва на Ружанцы — асаблівая і вельмі важная для кожнага верніка.

Сімвалічным з’яўляецца і тое, што менавіта ў кастрычніку, калі ўвесь Касцёл моліцца праз заступніцтва Маці Божай Ружанцовай, у Беларусі адзначаецца Дзень маці. З гэтай нагоды дзеці выступілі з невялікім канцэртам, які стаў падарункам для іх матуляў, да якога яны далучылі паштоўкі і кветкі, зробленыя сваімі рукамі з дапамогай сясцёр-дамініканак Любаміры і Юльяны. На завяршэнне святой Імшы адбылася працэсія са свечкамі вакол капліцы.

Асаблівай адметнасцю сёлетняга парафіяльнага свята стала ўрачыстае вяртанне ў капліцу абраза Езуса Міласэрнага. Парафія Маці Божай Ружанцовай абрана месцам для будаўніцтва санктуарыя Божай  Міласэрнасці. Менавіта тут будзе стала знаходзіцца абраз Езуса Міласэрнага. Ён быў перададзены ў парафіяльную капліцу 9 чэрвеня 2010 г. падчас ўрачыстасці асвячэння парафіяльнай капліцы, якую здзейсніў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. З 7 мая адбывалася перэгрынацыя абраза Езуса Міласэрнага па дэканатах архідыяцэзіі з нагоды святкавання 20-годдзя Мінска-Магілёўскай мітраполіі і Году Божай Міласэрнасці. Падчас урачыстасці 7 кастрычніка абраз Езуса Міласэрднага быў вернуты на пастаяннае месца малітваў — у парафію Маці Божай Ружанцовай. Як падкрэсліў пробашч парафіі кс. Генадзь Кухарэвіч, таксама сімвалічным з’яўляецца тое, што завяршэнне перэгрэнацыі і асаблівага шанавання абраза Езуса Міласэрнага адбывалася ў дні, калі ў Кракаве (Польшча) праходзіў ІІ Сусветны кангрэс Божай Міласэрнасці.

Такім чынам, з 7 кастрычніка ў парафіяльнай капліцы Маці Божай Ружанцовай працягваецца традыцыя штодзённай гадзіны малітвы да Божай Міласэрнасці перад абразом Езуса Міласэрнага. Гэтую духоўную практыку пробашч парафіі кс. Генадзь Кухарэвіч распачаў у Вялікую пятніцу, 2 красавіка 2010 г., і з гэтай пары яна адбываецца штодня.

«Езус Хрыстус паведаміў благаслаўлёнай сястры Фаўстыне Кавальскай, што асаблівая ласка Пана Бога сыдзе на кожнага, хто будзе маліцца ў гадзіну Божай Міласэрнасці, гэта значыць а 15-й гадзіне кожнага дня. Парафія Маці Божай Ружанцовай абраная месцам будаўніцтва агульнабеларускага санктуарыя Божай Міласэрнасці. Таму натуральнай з’яўляецца традыцыя штодзённай гадзіны малітвы да Божай Міласэрнасці», — падкрэсліў кс. Генадзь Кухарэвіч.

Прыняць удзел у гадзіне малітвы да Божай Міласэрнасці перад абразом Езуса Міласэрнага можна штодня а 15-й гадзіне ў капліцы парафіі Маці Божай Ружанцовай па адрасе: вуліца Гашкевіча, 1 (мікрараён Лошыца).