“Ой, радуйся зямля — Сын Божы нарадзіўся”

Ой, радуйся зямля - Сын Божы нарадзіўсяКсёндз-пробашч Генадзь Кухарэвіч узначаліў Вігілійную сьвятую Імшу на Сьвята Божага нараджэньня. (Фота). “Божанараджэнёвыя” альбо Калядныя спевы – вяршыня доўгачаканай вонкавай урачыстасці Божага Нараджэння, якую суправаджаюць прыгожыя традыцыі і абрады. У парафіі Маці Божай Ружанцовай на свята Божага Нараджэння штогод некалькі дарослых людзей прымаюць сакрамант хросту, а наймалодшыя парафіяне ўвасабляюць у тэатральнай пастаноўцы гісторыю Божага Нараджэння.

Некалькі гадоў запар перадкалядная Пастэрка ў парафіі адбываецца двойчы: а 22.00 гадзіне ўвечары і апоўначы – усе вернікі ўжо не змяшчаюцца ў капліцы разам, а кожную Імшу парафіяльны дом перапоўнены. У гэтую ноч Божага Нараджэння новымі сябрамі супольнасці парафіянаў сталі яшчэ двое вернікаў.

Падчас гаміліі ксёндз-пробашч Генадзь Кухарэвіч нагадаў, якую моц мае немаўля Езус, калі нараджаецца ў нашых сэрцах і нашых душах. Што Божы Сын чыніць сапраўдныя цуды, калі дазволіць Яму ўвайсьці ў нашае жыццё і дзейнічаць у ім.

Затым ксёндз-пробашч праз сакрамэнт хросту далучыў да парафіяльнай супольнасьці дваіх дарослых людзей, якія ў гэтую ноч сталі дзецьмі Божымі. На завяршэнне кожнай Пастэркі ксёндз Генадзь Кухарэвіч склаў шчырыя пажаданні дабра, супакою і апекі Божага Сына ўсім парафіянам, а таксама з кожным падзяліўся аплаткай.

У свята Божага Нараджэння, 25 снежня, адбылася таксама традыцыйная тэатралізаваная пастаноўка з гісторыі Божага Нараджэння. Удзел у сцэнцы прынялі наймалодшыя вернікі, якія падрыхтавалі пастаноўку пры дапамозе клерыка і катэхета Аляксандра Ашмянчука. На завяршэнне ўрачыстасці юныя артысты атрымалі ад ксяндза-пробашча і клерыка падзяку і салодкія гасцінцы, дарослыя вернікі – святочныя віншаванні, а ўсе разам – фотаздымак на ўспамін свята Божага Нараджэння 2013 году.