“Няхай будзе воля Твая…”

P1130796Так называецца кніга пісьменніцы Ірыны Жарнасек, якая распавядае пра трагедыю, якая здарылася ў лютым 1943 года, на самай поўначы Беларусі, у аддаленым куточку Віцебшчыны – вёсцы Росіца Верхнядзвінскага раёну. Падчас карнай нацысцкай аперацыі супраць жыхароў тутэйшых вёсак, якую нямецкія захопнікі назвалі “Зімовыя чары”, жывымі былі спаленыя паўтары тысячы мясцовых жыхароў, сярод якіх – два каталіцкія святары, Юрый Кашыра і Антоні Ляшчэвіч. Сёлета — 71-гадавіна росіцкай трагедыі.

Святую Імшу і працэсію на месца пакутніцкай смерці благаслаўлёных айцоў-марыянаў і вернікаў узначаліў біскуп віцебскі Алег Буткевіч. Разам з ксяндзом-біскупам за ахвяраў трагедыі маліўся апостальскі візітатар для грэка-каталікоў Сяргей Гаек, святары Віцебскай і Мінска-Магілёўскай дыяцэзій.

Біскуп віцебскі Алег Буткевіч прыехаў у Росіцу не ўпершыню: яшчэ на пачатку 2000-ых гадоў маладым вікарыем прыводзіў ён сюды пілігрымаў з суседніх Міёраў. Пра духоўны чыннік благаслаўлёных айцоў-марыянаў ксёндз-біскуп сказаў гэтак:

“Росіца — гэта адно са шматлікіх месцаў у нашай краіне, дзе было праліта шмат крыві. З іншага боку – пэўна, з Божага провіду – гэтае месца сталася знакам мужнасці ў вызнаванні веры. Ахвяра святара, асабліва, калі гэта ахвяра з ягонага жыцця — гэта заўсёды нагадванне пра ахвяру самога Езуса. Таму для людзей — гэта жывы знак, жывы дотык да тае рэчаіснасці, якую нам абвяшчае Евангелле”.

Айцы-марыяне Юрый Кашыра і Антон Ляшчэвіч прынялі пакутніцкую смерць разам з жыхарамі Росіцы і навакольных вёсак — каталікамі і праваслаўнымі — калі фашысты распачалі карную аперацыю супраць мясцовых жыхароў. Людзей сагналі ў росіцкі касцёл, куды прыйшлі і святары, каб спавядаць, удзяляць Святую Камунію, прамаўляць і сваёй прысутнасцю ўмацоўваць дух, рыхтаваць людзей да прыняцця смерці як Божай волі. Нацысты давалі магчымасць святарам пакінуць месца згубы, але айцы прынялі рашэнне заставацца са сваімі парафіянамі, прайшоўшы з людзмі свой апошні шлях ад касцёла да месца, каб быць спаленымі ў вясковай стайні, каб выканаць Ягоную волю…

Памяць пра трагедыю захавалася, дзякуючы ацалелым мясцовым жахарам, якія пераказвалі яе сваім дзецям. Пра гэта ўзгадваюць цяперашнія жыхары росіцкіх мясцінаў:

“Пра Росіцу было вядома яшчэ падчас вайны, калі зарывы палалі, то бацькі казалі: вось бачыце –там паляць, людзей паляць”. “Мне тата з мамай расказвалі — яны у суседняй вёсцы жылі– і там усіх спалілі, яны паспелі ўцячы. У Росіцы, канешне, здарылася жахлівая гісторыя, пра якую без слёз нельга ўзгадваць”. “Мне падаецца, што яны — менавіта ксяндзы — ішлі на смерць без страху. Яны разумелі, што ідуць у вечнасць і гэтым выконваюць Божую волю”.

Памяць благаслаўлёных айцоў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча ў Росіцы адкрыта пачалі ўшаноўваць толькі ў апошнія два дзесяцігоддзі, калі скончыўся пераслед касцёлу з боку савецкіх улад. Летам сюды ідуць пешыя пілігрымкі, у дзень трагедыі памаліцца за пакутнікаў у росіцкім касцёле збіраюцца сотні чалавек з розных гарадоў Беларусі: Віцебска, Мінска, Полацка, Оршы, Барысава і іншых месцаў.

Для многіх вернікаў трагедыя Росіцы сталася адкрыццём, дзякуючы кнізе “Будзь воля твая” пісьменніцы Ірыны Жарнасек. Благаслаўлёныя айцы Юрый Кашыра і Антоні Ляшчэвіч для яе паўставалі з аповедаў ацалелых сведкаў трагедыі. Духоўны чыннік двух каталіцкіх пастыраў спадарыня Ірына называе любоўю:

“Пра айцоў у савецкі час, канечне, казалі нясмела. А калі я збірала матэрыял для кнігі, то ў адной сястры законнай знайшла запісы, якія яна зрабіла падчас рэкалекцый, што праводзіў ксёндз Антоні Ляшчэвіч. Дык ён казаў: жыць трэба прыгожа, так, каб заўсёды быць гатовымі да смерці. Ён вучыў людзей і, думаю, сам быў гатовы да смерці, да такога чыну любові да людзей і да Бога. Трываласцю такіх людзей мы моцныя таксама”.

Удзельнікі святой Імшы, законныя сёстры і святары на чале з біскупам Алегам Буткевічам прайшлі працэсіяй той апошні шлях, якім прайшлі благаслаўлёныя ксяндзы Юрый Кашыра і Антоні Ляшчэвіч разам з людзьмі, каб завяршыць сваё зямное жыццё ў агні. Зараз на гэтым месцы паўстае мемарыял, цэнтрам якога ёсць шматметровы каталіцкі крыж.

Завяршэннем дня памяці сталася супольная малітва на месцы смерці росіцкіх пакутнікаў, якую завяршыў малітоўны гімн “Магутны Божа”.

 Фотаздымкі са Святой Імшы і працэсіі у Росіцы.