Нядзеля Пальмовая – пачатак Вялікага Тыдня

IMG_9118Пальмовай Нядзеляй у парафіі Маці Божай Ружанцовай распачалі Вялікі Тыдзень. Цягам кожнай Святой Імшы ксёндз-пробашч Генадзь Кухарэвіч і ксёндз-вікарый Ян Юшко асвячалі вербы і звярталіся да парафіянаў з асаблівым казаннем. (Глядзець фота)

Прамаўляючы да прысутных, якія ў гэты дзень перапаўнялі капліцу падчас кожнай сьвятой Імшы, ксёндз-пробашч Генадзь Кухарэвіч нагадаў гісторыю Эвангельля аб чалавечым і Боскім у кожным чалавеку: «Што нам хоча сказаць сёньняшняе сьвята? У Нядзелю Пальмовую ёсьць паказаныя многія праўды. Тыя ж самыя людзі, якія цешыліся Славе Езуса пры ўваходзе ў Ерузалем, той самы народ праз тыдзень крычаў «укрыжуй яго»? Чаму? Бо не змаглі ня стаць натоўпам. Не змаглі захаваць сваю чалавечнасьць. Нядзеля Пальмовая таксама нам кажа пра тое, што захаваць сваю годнасьць людзкую, чалавечую, мы можам толькі з Богам».

На ўспамін уваходу Езуса ў Ерузалем падчас дзіцяча-моладзевай сьвятой Імшы адбылася таксама працэсія зь вербамі вакол капліцы. Парафіяльную капліцу ў гэты дзень наведалі сотні чалавек.

Ад Панядзелка ў парафіі распачынаецца штодзённа споведзь падчас кожнай вечаровай сьвятой Імшы.