Жыць у любові Бога: гадавіна Першай Святой Камуніі

DSC04901        У нядзелю, 25 мая, у парафіі Маці Божай Ружанцовай адбылося падвоенае свята: у гэты дзень гадавіну прыняцця Першай Святой Камуніі адзначылі дзеці, якія прыступілі да Сакрамэнту ў мінулым годзе. Таксама завяршэнне белага тыдня адзначылі дзеці, якія ўпершыню прынялі Цела і Кроў Хрыста ў гэтым годзе. Маладыя парафіяне гэтых дзвюх груп прыйшлі на ўрачыстасць у святочных строях разам са сваімі бацькамі.

Звяртаючыся да дзяцей і іх бацькоў падчас урачыстасці, ксёндз-пробашч Генадзь Кухарэвіч падкрэсліў: “Быць на Святой Імшы ў нядзелю — азначае выконваць Божую запаведзь — “Памятай дзень святы святкаваць”. У сённяшнім Евангеллі гаворыцца: “Калі любіце Мяне — будзеце захоўваць Мае запаведзі”. Менавіта любоў мае быць матывацыяй усіх нашых учынкаў. З любові да Бога мусім захоўваць Ягоныя запаведзі. Не з гледжання таго, што скажуць і падумаюць пра вас іншыя людзі, а з гледжання любові да Бога і Ягонай Любові да нас. І гэтага у першую гадавіну Першай Святой Камуніі вам, дарагія дзеці, ад усёй душы жадаю. З гдеджання любові да Бога, у адказ на Ягоную любоў, трывайце ў Хрысце. Каб усё, што робіце, захоўваючы Божыя запаведзі, рабілі гэта не дзеля просьбаў бацькоў ці святара, а дзеля любові да Бога — ад шчырага сэрца вам гэтага жадаю”. Ксёндз-пробашч таксама пажадаў дзецям заставацца сябрамі сваёй і іншых парафій, паўсюднага Касцёла праз усё сваё жыццё.

Святкаванне гадавіны Першай Святой Камуніі ў парарафіі Маці Божай Ружанцовай ёсць парафіяльнай традыцыяй. Таму традыцыйна дзеці аднавілі прысягу Хросту, а бацькі падалі ім запаленыя ад Пасхалу свечкі на знак святла Хрыстова, які наноў прыйшоў у іх жыццё. Таксама ў гэты дзень усе дзеці, якія праз увесь год праходзілі катэхетычную падрыхтоўку, атрымалі ад святара адпаведныя пасведчанні. Ксёндз-пробашч Генадзь Кухарэвіч таксама склаў шчырую падзяку асобам, якія ў гэтым годзе праводзілі катэхэзу: клерыку Аляксандру Ашмянчуку, а таксама свецкім асобам — Алене і Івану Лубінскім.

Па завяршэнні ўрачыстай Святой Імшы дзеці абедзьвюх груп — якія святкавалі гадавіну Камуніі і якія завяршалі белы тыдзень, разам шукалі “Дарогу ў неба”. “Дарога ў неба” — гэта духоўна-забаўляльная праграма, якую для дзяцей падрыхтавала і правяла моладзь групы “Альфа”. Каб патрапіць “у неба” дзеці мусілі прайсці выпрабаванні праз гульні, спевы і забавы. Каўбаскі на вогнішчы і салодкі стол — сталі пачастункам на завяршэнне свята для ўсіх ягоных удзельнікаў.

Фотаздымкі з падзеі можна паглядзець па спасылцы.