Моладзь ТЭЗЭ спаткалася ў Лошыцы

P1130608У Мінску адбылася першая ў новым годзе сустрэча моладзі экуменічнай супольнасці Тэзэ. Гэта была першая сустрэча пасля Міжнароднай моладзевай сустрэчы ў Страсбургу і прайшла ў парафіі Маці Божай Ружанцовай у Лошыцы на запрашэньне ксяндза-пробашча Генадзя Кухарэвіча. (фота).

Удзел у ёй прынялі маладыя хрысціяне ня толькі з Мінску, але і іншых гарадоў Беларусі.

Напачатку сустрэчы да моладзі звярнуўся пробашч парафіі, ксёндз Генадзь Кухарэвіч, заклікаўшы першую сустрэчу ў новым годзе, абвешчаным каталіцкім Касцёлам годам малітвы, распачаць малітвай аб паразуменні і згодзе паміж хрысціянамі, аб еднасці ўсіх хрысціянскіх супольнасцяў у Беларусі і свеце.

Пасля завяршэння малітваў-разважанняў сустрэча прадоўжылася ў Лошыцкім парку. Ксёндз Генадзь арганізаваў для ўдзельнікаў спаткання краязнаўчую вандроўку па парку, які з’яўляеецца адным з найстарэйшых у Мінску і мае даўнюю багатую гісторыю. Для хрысціянаў ён цікавы перадусім гісторыяй даўняй каталіцкай капліцы, узведзенай колішнімі гаспадарамі Лошыцкай сядзібы. Зараз у парку засталіся толькі яе парэшткі, каля якіх паўстае новы шматметровы каталіцкі крыж…

Пасля марознай вандроўкі ў Лошыцкім парку яе ўдзельнікі завяршылі спатканне ў парафіяльным доме за кубачкам гарачай гарбаты.