“Мікалай, Мікалай – святочна ўбраны, Мікалай, Мікалай – мы цябе чакалі…”

DSC02845На пачатку Адвэнту – радаснага посту ў чаканні свята Божага нараджэння — у парафіі Маці Божай Ружанцовай адбыліся Божанараджэнёвыя рэкалекцыі. На запрашэньне ксяндза-пробашча Генадзя Кухарэвіча, сёлета іх правёў ксёндз з парафіі ў Ашмянах, што на Гарадзеншчыне. (Фота).

 Пачатак рэкалекцыяў сёлета прыпаў на 6 снежня – урачыстасць успаміну Святога Мікалая, біскупа, больш вядомага, як святога, які прыносіць дзецям падарункі. З гэтай нагоды ксёндз-рэкалекцыяніст памаліўся ў інтэнцыі ўсіх дзяцей і папрасіў у святога апекі для іх.

Цягам трох дзён ксёндз прамаўляў да вернікаў парафіі ў Лошыцы слова Божае на тэму веры, надзеі і любові ў Хрысце, паказваючы, што гэтыя Божыя цноты – галоўныя ў хрысціянскім вучэнні і штодзённым жыцці кожнага хрысціяніна. Таксама асобныя навучанні ксёндз-рэкалекцыяніст правёў для сем’яў і моладзі, даючы простыя парады жыцця ў Хрысце. Паслухаць слова Божае праз ксяндза-рэкалекцыяніста на кожную Святую Імшу прыходзіла вялікая колькасць прафіянаў. На завяршэнне яны шчыра дзякавалі святару за навуку і ягоны ахвярны ўдзел у падрыхтоўцы людзкіх душаў і сэрцаў да свята Нараджэння Хрыстовага.

На завяршэнне рэкалекцый усіх парафіянаў – і дарослых, і дзяцей – чакала прыемная неспадзяванка – візіт самога Святога Мікалая ў атачэнні анёлаў. Біскуп “праэкзаменаваў” святароў на годнае выкананне іх святарскіх абавязкаў, уручыў кожнаму дзіцяці салодкі пачастунак, а таксама сфатаграфаваўся з усімі вернікамі каля парафіяльнай капліцы.