“Каб захапіцца, трэба затрымацца…”

Каб захапіцца, трэба затрымацца У нядзелю, 9 сакавіка, ксёндз-пробашч парафіі Маці Божай Ружанцовай Генадзь Кухарэвіч узначаліў Святую Імшу ў мінскім Архікатэдральным касцёле імя Найсвяцейшай Панны Марыі, якая транслявалася ў прамым эфіры Беларускага радыё.

Ксёндз Генадзь прысвяціў сваё казанне тэме духоўнага ўзрастання падчас Вялікага Посту.

“І калі сыходзілі з гары, Езус загадаў ім кажучы: “Нікому не кажыце пра гэтае бачанне, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне з мёртвых”. Запячатаныя вусны. Вялікія скарбы Божага свету ёсць заўсёды апячатаныя таямніцаю. Хто ня ўмее захаваць таямніцы, ня можа ўдзельнічаць у рэлігійным жыцці. Даверыцца можна толькі таму, хто ўмее маўчаць.

“І павёў іх адных на высокую гару”. Калі нехта з нас займаецца спортам — бегае, ездзіць роварам, альбо ходзіць у горы, то ведае: калі доўгі час гэтым не займацца, то ўзыходзячы на вяршыню, неўзабаве сутыкаешся з досведам, што раптам пачынаюць балець ногі, адчуваеш стому і змучанасць, з’яўляецца жаданне пакінуць намаганні. Але калі пераадолець гэтую  спакусу, калі змусіць сябе бегчы, ехаць роварам альбо ісці ўгару, то хутка пачуеш асалоду і ў пэўны момант перастануць балець ногі, адыдзе стома ды змучанасць, як кажуць — адкрываецца другое дыханне. Калі ідзем па жыцці да вялікіх каштоўнасцяў і вартасцяў, мусім лічыцца з тым, што трэба будзе перамагчы самога сябе, адрачыся ад самога сябе, каб узяць крыж.

У Евангеллі ад святога Марка пра перамяненне евангеліст піша так: “Езус узяў Пятра, Якуба і Яна і павёў на высокую гару асобна іх адных”. Гэта значыць, завёў іх на адасобленае месца. Жыццё ў вялікім горадзе будзе патрабаваць ад нас адрачэння ад празмернай актыўнасці. Адмовімся ад празмернай актыўнасьці, каб ня страціць каштоўнасці духоўныя, каб спаткацца ў адасобленасці з таямніцай Хрыста, які напаўняе нашыя сэрцы. Калі едзем машынаю пры хуткасці 20 кіламетраў за гадзіну, то маем магчымасць заўважыць грыбы, якія растуць пры дарозе. Але калі паедзем з хуткасцю 120 кіламетраў за гадзіну, то не заўважым нават і дрэваў. Езус вядзе вучняў на высокую гару, каб там яны маглі затрымацца і адчуць духоўнае захапленне, перажыць яго. Захапленне і ёсць гэтым спатканнем з чымсьці каштоўным, вартым і важным, што паўплывае на жыццё, удасканаліць веру, надзею, любоў.

Два сябры-турысты вырашылі пайсці ў горы. Дамовіліся спаткацца ў сховішчы на адной з вяршынь. Адзін з сяброў вырашыў затрымацца ў горадзе і паспаць у гатэлі. Іншы ўзяў намёт і спальнік, што абцяжарвала ягоную вандроўку. А калі праз дзень, позна ўвечары абодва спаткаліся на вяршыні ў сховішчы, пачалі апавядаць пра свае дасвячэнні. Першы, які начаваў у гатэлі, апавядаў, што ранкам з’еў сняданак і пад’ехаўшы транспартам да адпаведнага месца, распачаў сваю вандроўку: узышоў на тры вяршыні, а гэта была чацвёртая. На гэтым і завершыў сваё апавяданне. Другі, які начаваў у гарах, распавядаў так: “З чыгуначнага вакзала ўвечары выйшаў на шлях, які быў найдаўжэйшым да выбранай вяршыні. Па дарозе спаткаў стомленых, але вельмі шчаслівых турыстаў, якія вярталіся на начлег. Некаторыя дзяліліся ўражаннямі, апавядалі, як пашанцавала ім з надвор’ем, крыху спачувалі мне, што вандроўка на вяршыню ня будзе простай. Гэтак перакрочыўшы межы горада і выйшаўшы на адкрытую прастору — удалечыні ўбачыў лес і горы. Калі ўдзень было вельмі горача, то ўвечары пацягнула халадком. У апошніх промнях сонца рознымі колерамі зіхацелі кропелькі расы, заблытаныя ў сцяблінах леташніх сухіх раслін. Была позняя вясна, якая набліжалася да лета. Па дарозе да лесу, які мусіў стаць пунктам майго прыпынку, пачуў прыгожы спеў птушак, стракатанне конікаў, крумканне жабак, якое даносілася з падсохлых лужынак, адчуў свежасць моцнага подыху чыстага веснавога паветра. І вось падыходжу да лесу: птушыны спеў пачынае быць насычаным шумным шматгалоссем. Сонца зайшло, пачаўся змрок, у лесе была амаль цемра. Давялося скарыстацца ліхтарыкам. Знайшоў невялічкую палянку на якой хтосці ўжо затрымліваўся. Паставіў намёт, падрыхтаваў спальнік, знайшоў крыху дроў, якія паклаў на кімсьці зробленае ўжо кастрышча. Калі закіпела гарбата, якую можна было спажыць з канапкамі, падрыхтаванымі на паход, паспела загарэцца зоркамі неба. Непадалёку гук савы зблытваўся з іншымі, да канца не распазнанымі гукамі начнога лесу. Вадой, набранай па дарозе з крынічнага струменю, якая засталася ад гарбаты, затушыў вогнішча і пайшоў спаць. Ранішняе жвавае шчабятанне птушак абудзіла мяне. Ня вельмі хацелася выходзіць з цёплага, але душнага намёту. Праз усю ноч чуў, што дзесці струменіць вада. Знайшоўшы гэты струмень, набраў вады для ранішняй кавы і абмыў заспаны твар сцюдзёнаю вадою, якая таксама была вельмі смачная. Кава, збіранне заплечніка і — чаканая вандроўка. Хваёвы пах неспадзявана закончыўся. Выйшаў у вялікую даліну, якая выглядала, як вялікае возера ад сініх веснавых крокусаў. На невялікай адлегласці пасвіўся статак казуляў, з-за вяршыняў гор выглядалі першыя прамяні зыркага ранішняга сонца”. …. Апавяданне трывала яшчэ доўга, асабліва, калі пілігрым здабыў вяршыню… Чаму яго апавяданне было доўгім? Бо ён умеў захапіцца, а ня толькі прайсці трасу і штосці здабыць. …

Каб захапіцца, трэба затрымацца. Нельга адмовіцца ад каштоўнага падарунку, падараванага нам Богам, якім ёсць цудоўны дзень Нядзеля. Дзе можам узысці на вяршыні, якімі будуць супольны пасілак, а пры ім размова з тымі, каго мы любім, для каго так цяжка знайсці час цягам тыдня. Узысці на вяршыні, якімі будзе супольны адпачынак на свежым паветры, смех дзіцяці, якога падкідвае шчаслівы бацька. Узысці на вяршыні, на якіх зможам захапіцца Езусам у святой Імшы, што перамяняецца з хлеба штодзённай працы рук чалавека ў духоўны таямнічы дар, які напаўняе нашыя сэрцы ўпэўненасцю. Упэўненасцю, што нездарма працавалі, нездарма змагаліся, бо Ён — добры і міласэрдны Бог — благаславіць і падтрымае наш клопат у паўсядзённасці. Узысці на вяршыню вячэрняй супольнай сямейнай малітвы, калі дзіця шчабеча прыгожыя словы падзякі Богу за смачную смажаную бульбу і за каўбаскі, прыгатаваныя любай мамай. Узысці на вяршыню — калі паклалі дзетак спаць, а самі, прытуліўшыся адзін да другога, глядзіцё па тэлевізары камедыю, сцэны якой змушаюць да сцішанага смеху, каб не абудзіць дзяцей.

Час вялікага посту — гэта час ня простага ўзыходу на вяршыню гары духоўных каштоўнасцяў, узрастання ў веры. Гэта каштуе высілкаў і намаганняў, але варта, бо захапляешся. А захапіўшыся, можна атрымаць сілы, якіх гэтак не хапае, на ўвесь тыдзень. Гэта значыць атрымоўваць сілы на час выпрабаванняў.