Фестываль мастацтваў «Лошыца — 2017» у гонар 100-годззя Фацімскіх аб’яўленняў

DSC01009У парафіі Маці Божай Ружанцовай 5 лютага адбыўся юбілейны, дзесяты дзіцяча-моладзевы фtстываль мастацкай творчасці «Лошыца-2017». (Глядзець фота)

Традыцыю фестывалю ў парафіі запачаткаваў ксёндз-пробашч Генадзь Кухарэвіч, прымеркаваўшы яго правядзенне да дня нараджэння заснавальніка ордэна айцоў-міхалітаў, да якога належыць ксёндз Генадзь, благаслаўленага ксяндза Браніслава Маркевіча 30 студзеня. Сёлета творчая імпрэза была прысвечаная таксама 100-годззю Фацімскіх аб’яўленняў.

Першапачаткова творчыя таленты дэманстравалі дзеці і моладзь парафіі. Аднак сёлета ўпершыню ў свяце прынялі ўдзел сем’і: музычныя творы, вершы і спевы дзеці выконвалі разам са сваімі бацькамі. Акрамя канцэртных нумароў, яшчэ адной часткай фестывалю сталіся малюнкі і ручныя вырабы, прысвечаныя тэме юбілейных фацімскіх аб’яўленняў.

Сямейныя канцэртныя нумары стварылі па-сямейнаму цёплую і ўтульную атмасфtру самога фестывалю. Узнагародай для кожнай сям’і стаўся супольны здымак усіх удзельнікаў разам з ксяндзом-пробашчам Генадзем Кухарэвічам і ксяндзом-вікарыем Янам Юшкам. А на ўспамін пра фестываль «Лошыца-2017» кожная сям’я-удзельнік атрымала абраз маці Божай Фацімскай.