Дзіцяча-моладзевы фестываль “Лошыца-2014” – на ўшанаванне Яна Паўла ІІ і Божай Міласэрнасці

DSC04277У мінскай парафіі Маці Божай Ружанцовай у Лошыцы адбыўся VІІІ дзіцяча-моладзевы фестываль мастацкай творчасці ”Лошыца 2014”. Імпрэза прайшла 27 красавіка, у нядзелю Божай Міласэрнасці і была прысвечана ўрачыстасці далучэння да ліку святых Яна Паўла ІІ, кананізацыю якога ў гэты дзень на плошчы святога Пятра ў Ватыкане правёў папа Францішак.

Напачатку ўрачыстай Святой Імшы, якая ў гэты час распачалася таксама ў парафіі Маці Божай Ружанцовай, ксёндз-пробашч Генадзь Кухарэвіч падкрэсліў: “Нашая парафіяльная супольнасць малітоўна далучаецца да беларускіх пілігрымаў, якія на чале з мітрапалітам Мінска-Магілёўскім, арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам у гэтыя хвіліны знаходзяцца на плошчы святога Пятра. Мы таксама малітоўна далучаемся да Імшы-падзякі за кананізацыю Яна Паўла ІІ, якая неўзабаве распачнецца ў касцёле святой Ганны ў Ватыкане. Супольна памолімся ў інтэнцыі заступніцтва святога Яна Паўла ІІ перад Богам за ўсю нашую парафіяльную супольнасць, за беларускі і паўсюдны Касцёл, за ўсіх хрысціян свету”. Падчас гэтай урачыстай Святой Імшы ксёндз-пробашч удзяліў таксама два сакрамэнты: хросту для дваіх немаўлят — новых чальцоў парафіяльнай супольнасці Маці Божай Ружанцовай, і шлюбу.

 Працягам малітоўнай падзякі за кананізацыю Яна Паўла ІІ — шанавальніка Божай Міласэрнасці — стаў дзіцяча-моладзевы мастацкі фестываль. Ён таксама быў прысвечаны нядзелі Божай Міласэрнасці –культ якой асабліва развіваецца ў парафіі Маці Божай Ружанцовай. У парафіяльным касцёле для штодзённай малітвы выстаўлены абраз Божай Міласэрнасці, перэгрэнацыя якога праходзіла ў парафіях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. А 15.00 гадзіне штодня пры Найсвяцейшым Сакрамэнце адбываецца малітва да Божай Міласэрнасці. Таксама сёлета ў парафіі паўстала новая малітоўная група да Божай Міласэрнасці. А галоўнае — неўзабаве распачынаецца будаўніцтва Нацыянальнага санктуарыя Божай Міласэрнасці.

Малітоўныя спевы, музычныя творы, вершы беларускіх паэтаў і ўласныя вершы на ўшанаванне кананізаванага Яна Паўла ІІ і Божай Міласэрнасці дзеці і моладзь падрыхтавалі ўласнымі сіламі, натхнёныя духоўнай падтрымкай ксяндза-пробашча. Ксёндз Генадзь падзякаваў удзельнікам фестывалю і даручыў кожнага з іх Божай Міласэрнасці. На ўспамін урачыстасці святар таксама кожнаму падараваў абраз Арханёла Міхала — апекуна Беларусі і ордэна святога Арханёла Міхала, манахам якога з’яўляецца ксёндз Генадзь. Супольны здымак стаў завяршэннем урачыстасці ў парафіі Маці Божай Ружанцовай.

Фотаздымкі з фестывалю можна паглядзець па гэтай спасылцы!