Асвячэнне страў – у чаканні вечара Вялікай Суботы

DSC03911Адна з традыцыяў Вялікай суботы — асвячэнне страў на велікодны стол: хлеба на ўспамін таго, якім Езус накарміў натоўпы ў пустыні, мяса — на ўспамін баранка, якога спажываў Езус падчас пасхі з вучнямі ў Вячэрніку, і яек, што сімвалізуюць новае жыццё. (Фотаздымкі)

У парафію Маці Божай Ружанцовай кошыкі з велікоднымі стравамі і пачастункамі вернікі пачалі несці ад самага ранку. Кожную гадзіну цягам усяго дня ксёндз-пробашч Генадзь Кухарэвіч спавядаў парафіянаў і асвячаў велікодныя стравы. Таксама перад кожным абрадам асвячэння святар адмаўляў разам з прысутнымі вяночак да Божай Міласэрнасці, ахвяруючы малітву ў інтэнцыі будаўніцтва Нацыянальнага санктуарыя Божай Міласэрнасці. Кожнага разу ксёндз Генадзь таксама прамаўляў да людзей: “Гэтак, як прырода вясной патрабуе цяпла і сонца, гэтак і скамянелае ад граху сэрца чалавека патрабуе сонца і цяпла Божай ласкі. Патрабуе Хрыста, Які дае нам сілу, упэўненасць і супакой. Таму кожнаму з вас я жадаю, каб гэтая вясна прайшла праз вашыя сэрцы. Каб Езус дакрануў сэрца кожнага з вас і ўзмацніў яго. Жадаю вам пераможнай любові Хрыста, якая перамагае і страх, і слабасць, і грэх. Хрыстос Уваскрос!”

.