Апостальскі Нунцый Клаўдыё Гуджэроцці прыняў удзел у свяце ўрачыстага завяршэння юбілейнага году ў ордэне Святога Арханёла Міхала

30 студзеня ў ордэне Святога Арханёла Міхала завершыўся юбілейны год, прысвечаны 100-годдзю са дня смерці заснавальніка ордэна, благаслаўлёнага кс. Браніслава Маркевіча. З 2003 году ў парафіі Маці Божай Ружанцовай працуюць айцы-міхаліты і нязменны пробашч парафіі, манах ордэна Святога Арханёла Міхала, ксёндз Генадзь Кухарэвіч. З нагоды свята парафію наведаў Апостальскі Нунцый у Рэспубліцы Беларусь, арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, які ўзначаліў урачыстую Святую Імшу.

Апостальскага Нунцыя на парозе капліцы з рэліквіямі благаслаўлёнага ксяндза Браніслава Маркевіча сустракаў пробашч парафіі, ксёндз Генадзь Кухарэвіч, а таксама айцы-міхаліты з Шылавіч, што каля Ваўкавыску, Старых Васілішак і Гатава, што каля Мінска. Дзеці і моладзь прывіталі прадстаўніка Ватыкану на ягонай роднай італьянскай мове.

У капліцы пасланніка Папы Рымскага сустракалі сёстры законныя, шматлікія парафіяне і госьці. Асаблівай гэтая сустрэча сталася для 35 парафіянаў, якія ў гэты дзень чакалі атрымаць з рук Апостальскага Нунцыя сакрамэнт Канфірмацыі.

Урачыстую святую Імшу Апостальскі Нунцый Клаўдыё Гуджэроцці адправіў на беларускай мове. Аасаблівую ўвагу падчас гаміліі ён звярнуў на значнасць асобы заснавальніка ордэна Святога Арханёла Міхала, які сваё жыцьцё прысвяціў дзецям-сіротам і занядбанай моладзі. Прысутнасць на святой Імшы значнай колькасці дзяцей і моладзі арцыбіскуп назваў працягам дзейнасці благаслаўлёнага Браніслава Маркевіча ягонымі вернымі наступнікамі, сённяшнімі айцамі-міхалітамі. Пасланнік Ватыкану таксама пажадаў, каб капліца Маці Божай Ружанцовай з цягам часу ператварылася ў вялікі санктуарый Божай Міласэрднасці, які будзе напоўнены моладдзю. Клаўдыё Гуджэроцці таксама падкрэсліў, што Кангрэгацыя Святога Арханёла Міхала тая структура, якая заснаваная на так званым Папскім праве. І з гэтай нагоды прадстаўнік Святога Айца перадаў прывітанне Папы ўсім айцам-міхалітам і пажадаў, каб кангрэгацыя магла больш трывала пусціць свае карані на беларускай зямлі.

Звяртаючыся да кандыдатаў да прыняцця сакрамэнту канфірмацыі, арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці сказаў: «Я хацеў бы гаварыць пра адносіны Духа Святога і «адчыненых дзвярэй». У Евангеллі мы пачулі пра тое, што нам трэба прыняць словы Хрыста, бо гэта не ягоныя ўласныя словы, а словы, якія сыходзяць ад Айца. Таму, каб Бог мог прыйсці і пачаць жыць разам з намі, трэба, каб дзверы нашай душы былі адчыненымі. І вашае заданьне – таго, хто сёння прыме сакрамэнт – вашае галоўнае заданне – менавіта адчыніць дзверы вашага сэрца. Каб гэткім чынам Бог змог увайсці ў кожнае сэрца. Каб не было ніводнага цёмнага месца ў вашым асабістым жыцці, таго месца, куды Дух Святы ня мог бы прыйсці. Таксама ў тыя цёмныя месцы, якія мы з цяжкасцю ў сабе бачым, тое, што мы называем маленькімі альбо вялікімі сакрэтамі. Таксама трэба, каб і туды ўвайшоў Дух Святы — і перадусім туды. Вы ведаеце, што тыя, хто прывык жыць пад нейкім рэжымам, яны прызвычаіліся, каб мець у сваім сэрцы нейкія патаемныя месцы, каб іншыя гэтага не заўважалі. Але тут зусім іншая рэч, бо Дух хоча прыйсці не для таго, каб шпіёніць, а для таго, каб любіць і сагрэць. Таму Дух Святы, які будзе нам дадзены – гэта Дух Свабоды. І чаму нас павінна цікавіць што нам могуць зрабіць людзі, калі Дух жыцця Бога, Дух Святы даецца нам, калі ў нашым целе прысутнічае Дух Святы? Дарагая моладзь, асабліва вы – ня бойцеся нічога! Ня бойцеся тых, хто можа забіць цела, хто можа забіць Духа, бо Духа ніхто ня можа забіць. І той Дух, які будзе вам дадзены, ён будзе такім жа бессмяротным, як і вы бессмяротныя». Прадстаўнік Святога Айца запэўніў кандыдатаў да прыняцця сакрамэнту, што сёння разам з імі Папа, усе біскупы і ўвесь Касцёл, якія «перадаюць знак супакою: не бойцеся, бо Пан перамог смерць».

Узмоцненыя навукай Апостальскага Нунцыя кандыдаты на сакрамэнт Бежмавання з асаблівым хваляваннем, пашанаю і з вялікім для сябе гонарам прынялі з рук пасланніка Святойга Айца дар Духа Святога. На памяць пра гэтую вялікую падзею ў жыцці а хрысціяніна кожнаму з Бежмаваных Клаўдыё Гуджэроцці падараваў абразік Папы Рымскага Бэнэдыкта ХVІ.

У сваю чаргу ўсе бежмаваныя і парафіяне, дзякуючы Апостальскаму Нунцыю за ўдзелены сакрамэнт, за супольную Святую Імшу перадалі прывітаньне Папу Рымскаму і запрашэнне наведаць Беларусь.

Пробашч парафіі Генадзь Кухарэвіч, звяртаючыся да Клаўдыё Гуджэроцці таксама сказаў: «Дзякуем за тое, што сёння мы — парафіяне, міхаліты – сям’я сэлезіянская, мелі магчымасць падзякаваць Богу за дар Благаслаўлёнага Браніслава Маркевіча – заснавальніка нашых міхаліцкіх кангрэгацый. Падзякаваць за чалавека, які ўмеў быць добрым, які клапаціўся пра сваю Бацькаўшчыну, каб яе народ быў працавітым, устойлівым маральна, асаблівым чынам – цвярозым. Які клапаціўся пра найбольш патрабуючых, дзяцей-сірот, занядбаную моладзь. Сёння мы, усе тут сабраныя, просім добрага Бога, каб наш благаслаўлёны падтрымліваў таксама Вас у Вашым клопаце пра нашу Бацькаўшчыну. Зярно, каб выдаць плён, мусіць загінуць. Дзякуючы загіблым-зярэнкам-мучанікам актыўна развіваюцца шматлікія манаскія супольнасці ў Беларусі. Таксама адзін з нашых міхалітаў, кс. Вінцэнт Курас, быў арыштаваны, як дырэктар сірацінца ў Дзеткавічах каля Баранавічаў, у якім мы – міхаліты – працавалі ў міжваенны час. Ксёндз Вінцэнт быў увязнены ў вёсцы Палонка і замардаваны ў Баранавічах 13 ліпеня 1942 года. Спадзяемся, што заступніцтва заснавальніка нашага ордэна і ягонага вернага спадкаемцы-мучаніка, прынясуць плады актыўнага развіцця ордэна Святога Арханёла Міхала ў Беларусі». На завяршэнне святой Імшы прагучаў малітоўны гімн «Магутны Божа».

Завяршэннем урачыстасьці стаўся дзіцяча-моладзевы канцэрт, які да свята падрыхтавалі і прапанавалі шаноўным гасцям наймалодшыя парафіяне Маці Божай Ружанцовай.