ЛОШЫЦА — АДЗІН З НАЙСТАРЭШЫХ КУТОЧКАЎ МІНСКА

Гісторыя сучаснага мікрараёна Лошыца звязана з Лошыцкім палаца-паркавым комплексам. Першыя згадкі «Лошыцы» ў Літоўскай метрыцы датуюцца 1557 г. Маёнтак належаў князям Талачынскім, наступнымі ўладальнікамі былі Тышкевічы, Валадковічы, Друцкія-Горскія. Найбольшага росквіту Лошыца дасягула за Прушынскімі ў XVIII-ХІХ стст. Клопатамі княжацкага роду Лошыца ператварылася ў шэдэўр садова-паркавага мастацтва з палацавым комплексам, капліцай і прамысловай гаспадаркай: з броварам, млыном, конезаводам і цагельняй. Яна таксама была цэнтрам культурнага і духоўнага жыцця з ўнікальнай каталіцкай капліцай.

Гаспадар Лошыцы Станіслаў Прушынскі прымаў у сваёй сядзібе вядомых беларускіх і польскіх пісьменьнікаў і паэтаў, мастакоў і музыкаў. Сярод іншых тут гасцяваў драматург Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, кампазітар Станіслаў Манюшка, апошні наш кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.

Прамысловае, культурнае, духоўнае і свецкае жыццё перапынілася ў 30-гадах з прыходам савецкай улады. У палацы размясцілася школа НКВД, затым беларускі філіял Усесаюзнага інстытута раслінаводства. Лошыцкі яр стаў магілаю ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.