Аб’явы душпастырскія: Урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы

 І. Літургічны каляндар 
Чацвер, 19 чэрвеня:Урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста.
Субота, 21 чэрвеня: Успамін святога Алаізія Ганзагі, законніка.

Іншыя аб’явы:

 1. У панядзелак, 16 чэрвеня (заўтра), адбудзецца выезд міністрантаў у Баранавічы на тыднёвыя канікулы. Канікулы прадоўжацца ад панядзелка да суботы ўключна. Збор удзельнікаў а 10.00 каля капліцы. Спальнікі і карэматы з сабой ня браць.

 2. У чацвер, 19 чэрвеня, з нагоды Урачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста Імша святая будзе адбывацца двойчы: а 8.00 раніцы і а 19.00 увечары.

 3. Працягваюць трываць чэрвеньскія набажэнствы. А менавіта: штодня а 18.30 молімся Літаннем да Найсвяцейшага Сэрца Езуса. І гэтаксама, як і падчас мінулага месяца, чытаецца чытанка. Сардэчна запрашаю прымаць удзел. 

4. Нагадваю, што ад чэрвеня распачаўся летні расклад Імшаў і набажэнстваў. Гэта значыць няма Імшы святой а 12.00, а таксама Катэхэзы для дарослых і дзяцей.  

 5.     Трывае будаўніцтва нашага касцёла, а менавіта – праводзіцца падрыхтоўка будаўнічай пляцоўкі, якую мусім завершыць да канца месяца. Ад панядзелка распачынаецца укладванне плітаў для дарогі. Калі хто можа падказаць дзе можна танней набыць пліты, кабель для электрычнасці, а таксама забяспечыць падачу вады – буду вельмі ўдзячны. Мы мусім ашчаджаць на кожнай з абавязковых выплат, бо будаўніцтва каштуе вельмі вялікіх грошай. У гэтай сувязі дзякую ўсім, хто ахвяраваў, ахвяруе і будзе ахвяраваць на будаўніцтва. Бяз вашых складкаў узвядзенне касцёла будзе немагчымым: толькі разам мы пабудуем Нацыянальны Санктуарый Божай Міласэрднасці. Няхай за вашую ахвярнасць Езус Міласэрдны благаславіць і аддзячыць кожнаму з вас.

 6. Вельмі прашу запісвацца на начное дзяжурства ў будаўнічым вагончыку, які ўжо ўсталяваны каля капліцы. Неабходна дапільнаваць маёмасьць будаўнікоў, будаўнічыя матэрыялы, якія будуць на пляцоўцы, ад магчымага раскрадання. Прычына тая ж – з мэтай эканоміі сродкаў: каб не наймаць вартаўніка і не плаціць яму некалькі мільёнаў заробку, мусім арганізаваць дзяжурства самі. Дзяжурства распачалося ад панядзелка, 9 чэрвеня, ксёндз, клерык і яшчэ некалькі чалавек ужо падзяжурылі. Усе астатнія парафіяне могуць запісвацца ў спіс пры канцы капліцы.

 7.     Таксама вельмі прашу бацькоў звярнуць увагу на паводзіны дзяцей: шум, хадзба па капліцы падчас Імшы — гэта ня толькі цяжкасць для светара. Многія людзі жаляцца, што праз дзіцячы шум і бегатню ня могуць сканцэнтравацца на малітве. Больш адказнае стаўленне да цішыні і парадку вельмі важнае і для саміх дзяцей, каб у іх з маленства выхоўвалася павага і пашана да Божага Дому. А за шумныя паводзіны дзяцей большую адказнасць маюць ня самі дзеці, а іх бацькі. Таму вельмі прашу шанаваць і паважаць адзін аднаго, не замінаць кожнаму з нас падчас святой Імшы заставацца ў супакоі і сам насам з Панам Богам.

         Падзяка:  Вялікі дзякуй усім, хто прыйшоў і дапамог прыбраць дрэвы, кветнікі каля крыжа, хто паставіў слупкі, сетку. Дзякую хто дзяжурыў ночу ў капліцы. Дзякую сям’і Акініных, якія замянілі дзяжурных на час адпачынку і капліца па-ранейшаму адчыненая штодня. Дзякую тым, хто будзе дзяжурыць у суботу і нядзелю. Дзякуй вялікі Вользе, клерыку Аляксандру, кухарцы Алене і ўсім, хто дапамагаў на гэтым тыдні праводзіць “Канікулы з Богам” на плябаніі. Дзякую Ларысе, якая клапоціцца пра дэкарацыю ў капліцы, дзякую Радзе парафіяльнай за працу. Дзякую за ўсе вашыя ахвяраванні, асабліва на будаўніцтва касцёла, за супольную і індывідуальную малітву, якой падтрымліваеце развіццё нашай парафіі.

Віншаванні: Віншую Яну, Біяту і Рамана, а таксама іх бацькоў з нагоды хросту. Віншую асобы, якія на гэтым тыдні будзеце святкаваць юбілеі, дні нараджэння. Таксама віншую імяніннікаў і тых, хто нарадзіў дзяцей. Вас усіх, а таксама ахвярадаўцаў і дабрачынцаў нашай парафіі, тых, хто спрычыняецца да будаўніцтва даручаем Езусу Міласэрднаму праз заступніцтва Маці Божай і Святога Арханёла Міхала. Тваёй абароне…