Маці Божая Ружанцовая з Пампеі

siena15-pompeii

Абраз Маці Божай Ружанцовай з Пампеі мае сваю прыгожую гісторыю. Мы не ведаем, хто яго намаляваў, ведаем толькі, як трапіў ён у Пампеі.

Бл. Бартоло Лонго шукаў які-небудзь абраз Маці Божай Ружанцовай для жыхароў Даліны Пампейскай, каб прывезці яго на місіі, якія там якраз адбываліся. Пасля доўгіх пошукаў атрымаў ад знаёмага манаха абраз, які той сам набыў на рынку. Выглядаў абраз трагічна: фарба патрэскалася, не хапала кавалкаў палатна, некаторыя месцы былі пашкоджаны моллю.

Пасля сам Бартоло Лонго пісаў пра гэты абраз так: “Яго не толькі паелі жукі, але і сама Багародзіца на ім была з твару зусім як сялянка. А св. Дамінік выглядаў як нейкі прастак. Я сумняваўся, ці прыняць гэты падарунак і ці дзякаваць за яго”.

Але часу ў Бартоло не было, таму ён не разважаў доўга, а наказаў запакаваць абраз і папрасіў знаёмага фурмана адвезці яго да Пампеі. Фурман, не ведаючы, што вязе, паклаў абраз на воз з гноем.

Абраз прыбыў у даліну Пампеі 13 лістапада 1875 года. Пасля яго два разы аднаўлялі, замянілі палатно на новае, а св. Ружу на абразе замянілі на св. Катарыну Сіенскую. Абраз гэты дагэтуль знаходзіцца ў галоўным алтары базылікі ружанцовай у Пампеі.

Калісьці Папа Леон ХІІІ сказаў: Бог даў нам гэты абраз, каб праз яго пасрэдніцтва мы атрымалі ласкі, якія ўзрушаць увесь свет. Той, калісьці названы непрыгожым абраз, набыты на суму, эквівалентную аднаму даляру, які ў такі сумны спосаб прыбыў у Пампеі, зараз упрыгожаны мноствам дыяментаў і пярлін, якія падаравалі Маці Божай яе ўдзячныя дзеці.

Найсвяцейшая Панна з Пампеі шмат разоў павучала сваіх дзяцей,  што павінны рабіць, каб атрымаць ласкі, якія ім патрэбны. Вядомы факт аб’явення Маці Божай невылечна хворай Фартунаціне Агрэллі з Неапалю (21 год), да якой сказала наступныя словы: “Кожны раз, калі захочаш атрымаць ад мяне нейкія ласкі, памаліся на маю чэсць тры навэнны просьбы, молячыся 15 таямніц майго ружанца, а пасля памаліся тры навэнны падзякі”.

Пасля гэтай навэнны Фарунаціна была ў цудоўны спосаб аздароўлена. Гэта быў пачатак набажэнства, у аснове якога ёсць малітва поўнага ружанца на працягу 54 дзён. Гэтую навэнну называюць “непераможнай малітвай”. Марыя сказала Фартунаціне: «Я не магу ні ў чым адмовіць табе, калі называеш Мяне гэтым найпрыгажэйшым імем, Каралеваю Ружанца святога».

Падрабязней пра Пампейскую навэнну можна прачытаць на старонках часопіса “Ave Maria”.