Вігілійны вечар

БЭТЛЕЕМСКАЕ ПАСЛАННЕ

Нарадзіўся голы, гаворыць Бог, каб ты змог вырачыся самога сябе.
Нарадзіўся ўбoгі, каб ты мог лічыць Мяне адзіным багаццем.
Нарадзіўся ў яслях, каб ты навучыўся асвячаць кожнае месца.
Нарадзіўся слабы, каб ты ніколі Мяне не баяўся.
Нарадзіўся з любові каб ты ніколі не ўсумніўся ў Маёй любові.
Нарадзіўся ноччу, каб ты паверыў, што Я магу асвяціць усялякую рэчаіснасць, ахутаную цемрай.
Нарадзіўся ў абліччы чалавека, гаворыць Бог, каб ты ніколі не саромеўся быць сабою.
Нарадзіўся як чалавек, каб ты мог стаць дзіцем Божым.
Нарадзіўся, церпячы пераслед ад нараджэння, каб ты навучыўся прымаць усялякія цяжкасці.
Нарадзіўся ў беднасці, каб ты быў просты ў адносінах да людзей.
Нарадзіўся ў тваім чалавечым жыцці, гаворыць Бог, каб ycix людзей прывесці ў дом Айца.

Ламберт Нобэн

 БОЖАЕ НАРАДЖЭННЕ

У Святым Пісанні падаецца час нараджэння Езуса Хрыста наступным чынам: “Езус нарадзіўся ў Бэтлееме Юдэйскім у дні караля Ірада” (Мц 2,1), а таксама факт грамадзянскай дзейнасці: “у пятнаццаты год кіравання Тыберыя цэзара” (Лк 3,1). Гледзячы з гістарычнага боку, трэба адрозніваць дзве традыцыі: рымскую і ўсходнюю. У Рыме першыя звесткі пра Божае Нараджэнне сустракаюцца ў IV ст. (каляндар Філакалеса, 336 г.). Цяперашняя дата 25 снежня паўстала на аснове рыма-гэленістычнай культуры. Паводле адной з гіпотэзаў, гэта была рэакцыя Рымскага Касцёла на язычніцкае свята “Народзіны непераможнага Сонца” (Natale Silis Invicti), якое вельмі гучна святкавалася. Для хрысціянаў адзіным, непераможным і праўдзівым сонцам з’яўляецца Хрыстос, — Сонца, якое ўзышло над светам і якое вернецца ў канцы вякоў. Ва Усходняй Царкве ўзнікла крыху раней свята з такім самым зместам, толькі пад іншаю назваю – Эпіфанія (Аб’яўленне Пана). Ушаноўвалася Аб’яўленне Хрыста Караля мудрацам з Усходу, падчас хрышчэння ў Ярдане і падчас першага цуду ў Кане Галілейскай. Пазней на Усходзе таксама пачалі адзначаць Божае Нараджэнне, а на Захадзе – урачыстасць Аб’яўлення Пана.
Сэнсам урачыстасці Божага Нараджэння не з’яўляецца адзначэнне толькі гістарычнага прыйсця, але факт, што Езус як Бог прыняў чалавечую натуру (таямніца Уцелаўлення). Адвечнае Слова сталася Целам. “Бог стаў чалавекам, каб чалавек стаў Богам” (Св. Аўгустын).

 

ВІГІЛІЯ БОЖАГА НАРАДЖЭННЯ

У розных рэгіёнах Беларусі існуе шмат варыянтаў святкавання Божага Нараджэння і вігіліі, заснаваных на розных традыцыях.
Вігілія Божага Нараджэння – урачыстае свята, якое завяршае адвэнтавы перыяд. Слова “вігілія” паходзіць ад лацінскага “vig­iliae” (начная варта, бяссонная ноч, ноч чування) і азначае не толькі ўрачыстую вячэру, якую спажываюць напярэдадні Божага Нараджэння. У Каталіцкім Касцёле так называюць дні, якія папярэднічаюць найважнейшым святам. Але найчасцей гэтае слова звязана з днём перад Божым Нараджэннем. Вернікі чакаюць яго ў чуванні і малітве на працягу ўсёй ночы. Звычай вігілійнай вячэры з’явіўся на Беларусі ў ХVIII стагоддзі.

Як толькі на небе з’явіцца першая вечаровая зорка, уся сям’я збіраецца за сталом.

Бэтлеемская зорка
Як вядома, Езус нарадзіўся ў Бэтлееме (грэц. “дом хлеба”). Калі там нарадзіўся Езус, гэта было невялічкае мястэчка. Бэтлеем называлі “горадам Давіда”, бо менавіта тут нарадзіўся знакаміты кароль Ізраэля Давід.
Бэтлеемская зорка ўказвала дарогу тром каралям, якія неслі дары для Езуса, “ззяючы перад імі”. Зорка затрымалася, калі яны прыйшлі да ясляў. Так апавядаецца ў Евангеллі. Мудрацы ўбачылі ў гэтай незвычайнай з’яве знак надыходу Месіі. Мы сёння таксама сядаем за вігілійны стол, калі на небе з’яўляецца першая зорка – сімвал Бэтлеемскай зоркі.

Калядная батлейка
Традыцыя будавання калядных батлеек бярэ свій пачатак з 1223 г., калі св. Францішак збудаваў у Грэччо (Італія) першую калядную батлейку, дзе змясціў фігурку Дзіцяткі Езуса з усімі іншымі постацямі, якія згодна з евангельскімі апісаннямі былі сведкамі нараджэння Езуса. Святы Францішак хацеў такім чынам ажывіць урачыстасць Божага Нараджэння. Гэты звычай вельмі хутка распаўсюдзіўся і захаваўся да сённяшняга дня.

Святочная елка
Звычай прыбіраць цацкамі елку на свята Божага Нараджэня нарадзіўся ў Германіі, але яго так палюбілі дзеці і дарослыя, што ён вельмі хутка распаўсюдзіўся па ўсім свеце. На Беларусі елкі пачалі ўпрыгожваць у XVIII стагоддзі.

Выключны характар мае вігілійная вячэра ў сем’ях.
Вігілійны стол накрываецца снежна-белым абрусам, пад які можна пакласці сена на ўспамін пра яселькі, дзе ляжаў маленькі Езус, або паставіць іх на стол. У цэнтр стала на талерку, пакрытую сурвэткай, кладзём аплаткі.

Белы абрус
Бель вігілійнага абруса нагадвае нам пра бездакорную чысціню алтара, а таксама чысціню нашых сэрцаў, думак і памкненняў у гэты цудоўны вечар.

Аплатка
Па-лацінску “obla­tum” – ахвярны дар. Дзелячыся аплаткаю, мы ахвяруем іншаму чалавеку нашу ўдзячнасць, прабачэнне, мы дзелімся з ім сваёй дабрынёй. Дзяленне аплаткаю пасля прачытанага ўрыўка з Евангелля і малітвы з’яўляецца найважнейшым момантам вігілійнай вячэры.
Звычай дзяліцца аплаткаю сягае да вытокаў хрысціянскай традыцыі. У першыя стагоддзі пасля нараджэння Хрыста хрысціяне збіраліся на агапы (у перакладзе з грэцкай – любоў ці сведчанне любові) – “гасціны братняй любові”. Такія гасціны адбываліся падчас вялікіх урачыстасцяў. Пасля малітвы ахвярнымі хлябамі, якія складваліся на алтарах, дзяліліся з беднымі, дзяліліся таксама садавінай, віном і мясам. Агапы захаваліся да V стагоддзя. Цяперашняе ламанне аплаткаю вяртаецца да першапачатковай традыцыі.
Хрысціяне надалі аплатцы містычную сімволіку. Ламанне аплаткаю – гэта напамін пра ламанне хлеба Хрыстом падчас Апошняй вячэры. У выглядзе тоненькага кавалачка пшанічнага хлеба аплатка з’явілася ў часы панавання Карла Вялікага (VІІ-ІХ стст.). На нашых землях вядома з ХV стагоддзя. Спачатку толькі кляштары, а пазней кожная парафія мелі права выпякаць і распаўсюджваць аплаткі сярод вернікаў. Рабілі і каляровыя аплаткі, якімі ўпрыгожвалі дом і давалі ў Вігілію жывёле.

ВІГІЛІЙНЫ ВЕЧАР НА СВЯТА НАРАДЖЭННЯ ПАНА

Каля вігілійнага стала збіраецца ўся сям’я. Маці ці бацька чытае ўрывак з Евангелля паводле св. Лукі (2, 1–20), альбо даюць чытаць яго дзіцяці.

“У тыя дні: выйшаў ад Цэзара Аўгуста загад зрабіць перапіс па ўсёй зямлі. Гэты перапіс быў першы падчас панавання Квірынія ў Сірыі. І пайшлі ўсе запісвацца, кожны ў свой горад. Пайшоў таксама і Юзаф з Галілеі, з горада Назарэта, у Юдэю, у горад Давіда, званы Бэтлеем, бо ён быў з дому і роду Давіда, каб запісацца з Марыяй, заручанай з ім, якая была цяжарнай. Калі ж яны былі там, надышоў час нарадзіць Ёй. I нарадзіла Сына свайго першароднага, і спавіла Яго, і паклала ў яслі, бо не было ім месца ў заездзе. У той ваколіцы былі на полі пастухі, якія вартавалі ўначы свой статак. I з’явіўся ім анёл Пана, і хвала Пана асвяціла іх, і вялікі страх ахапіў іх. I сказаў ім анёл: «Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народа, бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан. I вось вам знак: знойдзеце Немаўля спавітае і пакладзенае ў яслях». I раптам з’явілася з анёлам вялікае войска нябеснае, якое праслаўляла Бога і ўсклікала: «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі». Калі анёлы адышлі ад іх на неба, пастухі сказалі адзін аднаму: «Пойдзем у Бэтлеем і паглядзім, што там сталася і пра што абвясціў нам Пан». I пайшлі яны, спяшаючыся, і знайшлі Марыю і Юзафа, і Немаўля, якое ляжала ў яслях. А калі ўбачылі, расказалі тое, што было абвешчана ім пра гэтае Дзіця. I ўсе, хто чуў, дзівіліся таму, што расказвалі ім пастухі. А Марыя захоўвала ўсе гэтыя словы, разважаючы ў сэрцы сваім. І вярнуліся пастухі, праслаўляючы і хвалячы Бога за ўсё, што чулі і бачылі, так як ім было сказана.»

Пасля прачытанага ўрыўка з Евангелля бацька заахвочвае прысутных да асабістай малітвы. Праз некаторы час ён можа звярнуцца да сваёй сям’і з наступнымі словамі:

Сёння мы адзначаем вігілію Нараджэння Пана. Сын Божы ў сваёй вялікай любові стаўся адным з людзей, увайшоў у чалавечую сям’ю, каб далучыць нас да Божай сям’і. Вялікая радасць напаўняе гэты вечар і гэтую святую ноч па ўсёй зямлі. Просім нашага Нябеснага Айца, каб спаслаў свой спакой на зямлю, каб усе людзі ўсвядомілі, што яны адзіная вялікая сям’я, што ўсе мы пакліканы да сапраўднай любові. Просім, каб нашыя ўзаемныя пажаданні добры Бог асвяціў сваёю ласкаю.

Памолімся да Яго словамі, якім навучыў нас Езус Хрыстус:
Ойча наш…

Аддаем таксама ў апеку Найсвяцейшай Панне Марыі, Багародзіцы, нашу сям’ю, нашых знаёмых, суседзяў, гасцей, усіх хворых, галодных, сіротаў, самотных людзей і ўсіх, хто знаходзіцца ў смутку.
Вітай, Марыя…

Просім аб апецы апекуна Святой Сям’і.:
Святы Юзэфе, апякуне Сына Божага,
Усе:
Маліся за нас.

Пасля малітвы ўсе дзеляцца паміж сабой аплаткаю і гавораць адно аднаму прыгожыя пажаданні, прабачаючы віну і даруючы крыўду.

Пасля гэтага распачынаецца вігілійная вячэра, якую яшчэ называюць куццёю (ад назвы крупяной кашы — куцці, якая абавязкова павінна быць у гэты вечар на стале), бо ў Вігілію Божага Нараджэння ўсе захоўваюць абавязак устрымання ад мясной ежы. На стол ставяць толькі посныя стравы, але гэта не азначае, што яны могуць быць нясмачныя. Наадварот, у гэты вечар усё смачна, а за сталом пануе вясёлы, узнёслы настрой.

Павячэралі? Цяпер самы час заспяваць калядныя спевы, тыя, якія ўсе ведаюць і любяць.
Радуйцеся! Весяліцеся! Імкніцеся зрабіць штосьці прыемнае іншым!

Пастэрка
Надыходзіць ноч, але гэта яшчэ не канец Вігіліі. Завяршэннем гэтага дня і адначасова пачаткам святаў Божага Нараджэння з’яўляецца Пастэрка — урачыстая Св. Імша, якая цэлебруецца апоўначы. Менавіта ноччу анёл навінен быў разбудзіць пастушкоў, абвясціць ім радасную навіну і прыспешыць іх да бэтлеемскіх ясляў.