БОГ І ЯГОНЫЯ ЗБАЎЧАЯ ЗАДУМА АДНОСНА ЧАЛАВЕКА

БОГ І ЯГОНЫЯ ЗБАЎЧАЯ ЗАДУМА

АДНОСНА ЧАЛАВЕКА

Найглыбейшай патрэбай чалавека зьяўляецца патрэба любові.

Любоў неабходная кожнаму чалавеку дзеля таго, каб ён мог жыць. Пры гэтым важна ня толькі казаць пра гэтую неабходнасьць, але і шукаць яе крыніцы. Адкуль бярэцца ў чалавеку гэтая прага любові? Што значыць гэта для нас у нашым паўсядзённым жыцьці?

Біблія – гэта кніга, якая ўтрымлівае адказы на гэтыя пытаньні. Трэба ўзгадаць асноўныя этапы гісторыі збаўленьня. Бог адкрывае Сябе ў гісторыі богаабранага народа як Бог любові. Дар Божай любові – адзіная прычына выбраньня Ізраэля: «Цябе абраў Пан Бог твой, каб ты быў вольным Ягоным народам з усіх народаў, якія на зямлі. (…) прыняў вас Пан і абраў вас, (…) таму, што любіць вас Пан» (Втор 7,6–8). Дзякуючы прарокам, Бог даваў зразумець народу Ізраэля, што з любові Ён не пераставаў збаўляць яго і дараваць яму ягоныя грахі і нявернасьць. Ён – «Бог чалавекалюбівы і міласэрдны, доўгацерпялівы і шматлітасьцівы, і сапраўдны» (Ісх. 34,5–6). Любоў Божая пераадольвае ўсе межы, у тым ліку і межы ўсепераможнага часу. Ён адорвае чалавека ласкаю вечнаю (Іс 54,8). Прарок Ісая ўсклікае: «Горы зрушацца, і ўзгоркі задрыжаць, а ласка Твая не адыдзе ад цябе» (Іс. 54,10). Іншы ж прарок кажа: «Любоўю вечнаю Я палюбіў цябе, і таму паслаў табе добрую волю» (Іер 31,3).

Адзіная прычыны нашага быцьця ў сьвеце, адзіная прычына нашага пакліканьня да веры – любоў Бога да нас. Гэтай любоўю Бог палюбіў нас яшчэ перад тым, як мы змаглі палюбіць Яго. Гэтая любоў пераўзыходзіць усялякую зямную любоў. Гэтая любоў мацнейшая за любоў маці да сваіх дзяцей, мацнейшая за любоў жаніха да сваёй нявесты. Любоў гэтая перамагае нават цяжкую здраду. Яна сягае гэтак далёка, што дарыць нават самае каштоўнае: «Бо так палюбіў Бог сьвет, што аддаў Сына Свайго Адзінароднага» (Ін. 3,16). Паўната любові Божай да чалавецтва ва ўсёй  сваёй неспасьцігальнай велічы адкрываецца нам у Езусе Хрыстусе – Ягоным жыцьці і дзеяньнях, пакутах і сьмерці. Сьвяты Апостал Ян ідзе яшчэ далей, сьцьвярджаючы, што Сам «Бог ёсьць Любоў» (1 Ін 4,8–16). У таямніцы Свайго Адзінароднага Сына і Духа Любові Бог адкрыў самую патаемную Сваю таямніцу: Ён Сам ёсьць у вякі вякоў сувязь любові – Троіца Адзінасутная і Непадзельная: Айцец, Сын і Дух Сьвяты. І ў гэтай любові Ён прызначыў месца чалавеку.

У Хрысьце Бог выявіў нам Сябе, як «Бог для людзей», Які цалкам за нас. Гэта ня дробязны і помсьлівы бог-дэспат, які сядзіць у завоблачных вышынях. Гэта Бог, які пакутуе з намі тут, «унізе», на зямлі. У Езусе Хрысьце Бог салідарызуецца з кожным чалавекам, ён салідарызуецца дакладна са мной. Ён не патрабуе любові, але дарыць яе. Ён Сам ёсьць Любоў. «Аддаючы Сына за нашыя грахі, Бог адкрывае тым самым, што Ягоная задума адносна нас ёсьць задума добрай волі і любові, якая папярэднічае ўсім нашым заслугам: «У тым любоў, што мы палюбілі Бога, але Ён палюбіў нас і паслаў Сына Свайго Адзінароднага дзеля збаўленьня за нашыя грахі» (1 Ін 4,10). «Але Бог Сваю любоў да нас даказвае тым, што Хрыстос памёр за нас, калі мы былі яшчэ грэшнікамі» (Рым 5,8) (ККК 604).

У Божым плане збаўленьня чалавеку прапанавана роля быць «сынам Божым». Сынамі і дочкамі Божымі мы становімся пасьля ўсынаўленьня. Усынаўленьне мы атрымоўваем «па веры ў Хрыста» (Гал. 3,26; Ін. 1,12) Духам Сьвятым (Гал.4,5; Рым 8,14–17). Такое жыцьцё сыноў Божых для нас сапраўдная рэальнасьць, хоць сьвет гэтага і ня ведае (1 Ін. 3,1). Але прыйдзе дзень, калі Валадарства адкрыецца нам, і мы станем «падобнымі Богу, бо пабачым Яго, як Ён ёсьць» (1 Ін 3,2). Таму мы павінныя разумець, што гаворка ідзе ня проста пра называньне нас дзецьмі Божымі. Чалавек сапраўды стане далучаным да сутнасьці Таго, Хто яго ўсынавіў (2 Пётр 1,4). Мы закліканыя «быць падобнымі абліччу Сына» Адзінароднага (Рым 8,29).

Як дзеці, адораныя любоўю Айца Нябеснага, мы нясём агонь гэтай любові ў сьвет. Не дарэмна Пан дае імя сыноў Божых міратворцам (Мф 6,9) і спачувае людзям (Лк 6,35). Сваю любоў да іншага чалавека мы можам выявіць, перадусім, учынкамі, але таксама малітвай, думкамі і пачуцьцямі.

 

Хатняя праца:

Яшчэ раз малітоўна прачытаем псалом 138 і выберам адзін верш, які кажа нам пра тое, які Бог ёсьць і кім Ён зьяўляецца для мяне. Перапісаць гэты верш і зьмясьціць яго на бачным месцы (стол, малітоўнік, люстэрка і г.д.), каб ён часта нагадваў пра Бога і Ягонае стаўленьне да нас.